Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бітва за ўраджай: з 6.00 да 24.00 <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Уборка ўраджаю на Гарадзеншчыне ў поўным разгары. За 1 тону намалочанага збожжа камбайнэрам плацяць па дзьве тысячы рублёў.



З 9 раніцы я ўжо побач з майстэрняй у сельгаскаапэратыве Макараўцы Бераставіцкага раёну. Большасьць камбайнаў ад’ехала на поле, а вакол аднаго завіхаюцца майстры. Прывітаўшыся, пытаюся, як сёлета ідзе ўборка.

Спадар: “Нармальна, я ўжо 15 гадоў на камбайне. Сёлета ўраджай вельмі добры, я нават такога ня памятаю”.

Карэспандэнт: “А камбайн добры ці ўсё ж часта рамантаваць даводзіцца?”

Спадар: “Ну вядома, не параўнаць з тымі, што былі раней. Кіраваць лягчэй, агляд з кабіны выгаднейшы. І калі знаходзісься ў кабіне, то няма пылу”.

Карэспандэнт: “А з запчасткамі як?”

Спадар: “На імпартныя заўсёды ёсьць, але дорага каштуюць. А я працую на айчынным: цяжка знайсьці, было такое, што нават у Гомель езьдзілі, а сёлета пакуль нармальна”.





















Пра заробкі камбайнэры гавораць неахвотна, кажуць толькі, што за 1 тону намалочанага збожжа ім плацяць па дзьве тысячы рублёў. А ў дзень яны намалочваюць ад 60 да 140 тон у залежнасьці ад камбайна.

Старшыня гаспадаркі распавядае, што для ўборкі створаныя ўсе ўмовы: людзей двойчы на дзень кормяць, няма праблемаў з палівам. Наагул, у гаспадарцы падведзены газ, у кватэрах усе выгоды, нават адчыняюць кавярню.

На збожжатоку я запытаўся ў людзей — ці задаволеныя яны жыцьцём на вёсцы?

Першы спадар: “Чалавеку заўсёды хочацца, каб лепей”.

Карэспандэнт: “А вы што скажаце?”

Другі спадар: “Я далучуся да таго, што сказаў сябар”.

Першы спадар: “Мы ж глядзім тэлевізар, бачым эўрапейскі ўзровень жыцьця і расейскі, і нам хочацца імкнуцца да лепшага”.

Карэспандэнт: “А вам даводзіцца адпачываць хоць раз на год у санаторыі?”

Пешы спадар: “Мне не выходзіць. Бо не зарабляем мы на санаторыю. Сям’ю б пракарміць, а на санаторыю... Праўда, хацелася б хоць раз зьезьдзіць”.





















У суседняй гаспадарцы Гарадзенскага раёну ў вёсцы Індура засьпеў каля майстэрні толькі намесьніка галоўнага інжынэра. Мікалай Варабей кажа, што ўсе ў полі. Пытаюся, ці хапае рабочых рук.

Варабей: “Людзей трохі не хапае. Тыя трактарысты, якія пайшлі на камбайны, на іх трактарах няма каму працаваць. А можна было б іншыя работы паскорыць: сьціртаваць салому, заворваць. З запчасткамі больш-менш, а вось грошай у гаспадарцы не хапае. Зрэшты, з грашыма заўсёды так”.

На полі – намесьнік старшыні гаспадаркі Казімір Кізюк. Ён нахвальвае камбайны, як айчынныя, так і замежныя. Кажа, што ўраджай — 75 цэнтнэраў з гектара, і дзякуючы добрай тэхніцы зьбіраюць яго бяз стратаў.

Побач з намі памочнік камбайнэра, малады хлопец Валера. Бачу, што ён даволі стомлены, хоць і не прызнаецца.

Карэспандэнт: “А каторай, Валера, сёньня падняўся?”

Валера: “А шостай раніцы, а паклаўся ўчора а 12 гадзіне”.

Карэспандэнт: “Дык што, і на танцы не хадзіў?”

Валера: “Не, ужо й ня хочацца, я толькі да падушкі дайшоў — і спаць”.
XS
SM
MD
LG