Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патэнцыйныя кандыдаты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі, якія абіраюцца ў Палату прадстаўнікоў, ужо сабралі на сваю карысьць 50 тысячаў подпісаў выбарцаў.


Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі сустаршыня АДС Сяргей Калякін. Ён таксама сказаў, што больш за тры тысячы сябраў ініцыятыўных групаў працягваюць збор подпісаў.

Сустаршыня АДС Анатоль Ляўковіч даў такую ацэнку дзеяньняў улады падчас гэтай выбарчай кампаніі:

“Кажуць іншы раз: ці няма супярэчнасьці паміж тым, што, з аднаго боку, улада ставіць на мэце легітымізаваць гэтую кампанію і тым самым легітымізаваць парлямэнт, а з другога боку — мы назіраем наезды на нашых сяброў? Існуюць канкрэтныя факты. І наезды на сяброў іхных ініцыятыўных групаў. Іх яшчэ, дарэчы, больш.

Тут няма ніякай супярэчнасьці. Насамрэч улада ўжо мае вялікі досьвед. Яна ўжо не працуе са сваімі апанэнтамі, так бы мовіць, аглобляй. Яна ўжо навучылася гуляць. Адпрацаваная машына, якая, скажам так, умее лічыць галасы. Але, з другога боку, гэта машына ўсё ж дае збоі. І зараз мы назіраем такую заканамернасьць, што збоі найчасьцей адбываюцца ў рэгіёнах”.

Тым часам збор подпісаў выбарцаў у падтрымку прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты працягваецца. Шэсьць чалавек — Сяргей Калякін і Павал Станеўскі з Партыі камуністаў Беларускай, Аляксандар Валчанін і Віктар Гарбачоў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а таксама Пётра Кухлей і Дзяніс Садоўскі са стваранай Беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі — сабралі больш за тысячу подпісаў кожны. Каб зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты праз збор подпісаў, трэба сабраць сама менш тысячу.

Сяргей Калякін сказаў, што ягоная ініцыятыўныя група абышла абсалютна ўсе кватэры ягонай менскай выбарчай акругі. Высьветлілася, што паловы насельніцтва цяпер проста няма ў горадзе: хто ў адпачынку, хто на лецішчы, хто на заробках у Расеі. А настрой астатніх такі:

“Траціна адназначна падтрымлівае, траціна кажа, што яны супраць, яшчэ траціна кажа: мы будзем вызначацца, будзем думаць”.

XS
SM
MD
LG