Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці толькі Караджыч мог хавацца ў Беларусі?


Радаван Караджыч у Гаазе

Радаван Караджыч у Гаазе

Колішні лідэр басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч адкажа на выстаўленыя супраць яго абвінавачаньні 29 жніўня.

Караджыч скарыстаўся правам гэтак званай адтэрміноўкі.

Слуханьні пад старшынствам галяндзкага судзьдзі Альфонса Оры пачаліся а 17-й гадзіне паводле менскага часу. Перадаецца, што на пачатку Караджыч пацьвердзіў сваю асобу, а таксама заявіў пра намер абараняць сябе самастойна ў часе працэсу.

Караджыч, які ўчора раніцай быў дастаўлены ў турму ААН у Гаазе, абвінавачваецца ў генацыдзе, злачынствах супраць чалавечнасьці, парушэньні ваенных законаў. Лідэр басьнійскіх сэрбаў, аднак, не прызнаў ніводнага з выстаўленых супраць яго абвінавачваньняў.

Судовы працэс асьвятляюць шматлікія заходнія СМІ, а таксама мэдыі былой Югаславіі, напроўставы рэпартаж з паседжаньня сёньня трансьляваў тэлеканал СNN. Аглядальнікі мяркуюць, што працэс будзе доўгім, i не выключаюць, што сярод іншых пытаньняў бліжэйшым часам могуць быць высьветленыя абставіны магчымага тайнага наведваньня Радаванам Караджычам Беларусі.

Паводле колішняй прэсавай сакратаркі былога галоўнага пракурора Гааскага трыбуналу Карлы дэль Понтэ Фляранс Артман, пры канцы 1990-х гадоў беларускія ўлады хавалі Караджыча ў Беларусі. “Увосень 1997 Караджыча прывезьлі ў Беларусь. Тут ён прабыў некалькі месяцаў, аднак гэта было тайнае знаходжаньне” , сказала ў размове са “Свабодай” журналістка.

Як заявіў ў часе прэсавай канфэрэнцыі цяперашні галоўны пракурор Міжнароднага гааскага трыбуналу Сэрж Брамэрц, “Арышт Караджыча – вялікі посьпех у рамках цяперашняга супрацоўніцтва паміж Сэрбіяй і трыбуналам. Аднак Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі ня можа спыніць сваю дзейнасьць да таго часу, пакуль не арыштаваныя яшчэ двое – Ратка Младзіч і Горан Хаджыч”.

Паводле выданьня “Мonsters and Critics”, “мяркуецца, што былы галоўнакамандуючы войскам басьнійскіх сэрбаў Ратка Младзіч хаваецца дзесьці ў Сэрбіі або ў сэрбскай частцы Босьніі”, а прэзыдэнт ужо не існуючай на тэрыторыі Харватыі Рэспублікі Сэрбская Краіна Горан Хаджыч, “паводле чутак, знаходзіцца ці то ў Расеі, ці то ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG