Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Ярмошына: “Перашкоды — не пытаньне ЦВК”


Толькі адну зь дзевяці скаргаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў задаволіў сёньня Цэнтравыбаркам. Пашанцавала вэтэрану выбарчых кампаніяў Уладзімеру Лапцэвічу. Іншым васьмі ахвотным стаць дэпутатамі запалілі “чырвонае сьвятло”.

68-гадовы Ўладзімер Лапцэвіч вылучаўся па 109-й выбарчай акрузе ва Ўруччы. Але акруговая камісія чамусьці вырашыла, што ён не жыве стала на тэрыторыі Беларусі. Сёньня ЦВК выправіла памылку. І чалавек, які яшчэ з 1994 году спрабуе вылучацца на ўсіх без выключэньня прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах, атрымаў права зьбіраць подпісы ў сваю падтрымку.

Найбольш скандальнай была скарга старшыні Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьмітра Вінаградава. Калі ён паўторна вёз дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы зь Мядзелу ў Вялейку, яго затрымалі міліцыянты. Таму ён і ня змог своечасова перадаць у акруговую камісію неабходныя паперы.

Спадар Вінаградаў, акрамя звычайнай скаргі, напісаў яшчэ і заяву пра гэтыя перашкоды. Але старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына патлумачыла:

“Пытаньне “перашкоды” — гэта не пытаньне кампэтэнцыі Цэнтральнай выбарчай камісіі. Гэта будуць высьвятляць органы пракуратуры. А мы будзем разглядаць толькі вашу скаргу на акруговую выбарчую камісію, якая адмовілася зарэгістраваць вашу ініцыятыўную групу”.

Сябры ЦВК палічылі, што акруговая камісія ў Вялейцы не парушала заканадаўства. На гэта спадар Вінаградаў заўважыў:

“Дзякуй. Мы гэтага і чакалі. Іншага не магло быць”.

Не задаволілі скаргу і жыхаркі Менску Валянціны Дуброўскай, якая зьбіралася балятавацца па Чкалаўскай акрузе. Яна забылася ў заяўку на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ўпісаць свой хатні адрас.

Астатнія шэсьць скаргаў адкінулі з фармулёўкай — “без разгляду”. Іх заяўнікі парушылі адно, а некаторыя адразу і два правілы: альбо падалі скаргі пазьней, чым праз тры дні пасьля адмовы, альбо скаргу не падпісала бальшыня сяброў ініцыятыўнай групы.

Старшыня БХК Алег Гулак прысутнічаў на паседжаньні. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што заяўнікі сапраўды ня ведалі, што адлік трох дзён ідзе адразу ад дня вынясеньня рашэньня акруговай камісіяй:

“Відавочна, што тыя нормы, якія зараз уведзеныя ў Выбарчы кодэкс, вельмі нязручныя для ўдзельнікаў выбарчай кампаніі. Атрымліваецца, што рэальна ў іх застаецца толькі двое сутак на падачу скаргі. І гэта пры тым, што патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты занятыя на працы, пра што яны сёньня і казалі. Гэта складае штучныя праблемы, штучныя рагаткі. І гэта мы сёньня пабачылі на практыцы. У выніку бальшыня заяваў фактычна не была разгледжана.

На маю думку, зь юрыдычнага пункту гледжаньня тут не зусім бездакорныя тлумачэньні выбарчай камісіі. Бо пачатак цячэньня тэрмінаў урэгуляваны на адзінай аснове. Тут няма розных падыходаў. А ёсьць адзіны — тэрміны пачынаюць цячы з наступнага дня за юрыдычным фактам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG