Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камандзір менскага палку спэцназу міліцыі сышоў у адстаўку. Юры Падабед паведаміў Радыё Свабода, што добраахвотна вырашыў зьмяніць працу.

Ад 1999 году ён кіраваў спачатку АМАПам, а ад 2005 году — палком спэцназу міліцыі. Пасаду палкоўніка Юрыя Падабеда заняў Юры Караеў, які да гэтага служыў у Гомелі.

Юры Падабед пакуль падпарадкоўваецца кіраўніцтву Менскага ўпраўленьня ўнутраных спраў. Цягам двух тыдняў там павінны прыняць рашэньне: дазволіць палкоўніку Падабеду сысьці на пэнсію ці накіраваць яго на іншае месца службы.

Сам Юры Падабед лічыць, што можа паспрабаваць сябе ў іншай якасьці на нейкім прадпрыемстве. Цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі МУС, дзе праходзіць курс лячэньня. Ён пракамэнтаваў “Свабодзе” сваю адстаўку:

“Я прыняў рашэньне сам. Пара сыходзіць. 9 гадоў адкамандаваў... У мяне ж здароўе адно. Я ж у шпіталі ляжу. Трэба хоць дачку на ногі падняць”.
Я прыняў рашэньне сам. Пара сыходзіць. 9 гадоў адкамандаваў...


Юры Падабед скончыў Менскую вайскова-палітычную вучэльню. Служыў на Далёкім Усходзе, у Літве, Польшчы, Нямеччыне. Скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце па спэцыяльнасьці “Дзяржаўнае кіраваньне і дзелавое адміністраваньне”.

“Паўсюль патрэбная служба бясьпекі, і самому можна нешта паспрабаваць. У мяне ж, здаецца, і галава на месцы. Я маю дыплём пэдагога — гісторыя і грамадазнаўства. Я скончыў яшчэ й Акадэмію кіраваньня. Таму я магу, у прынцыпе, быць дырэктарам альбо мэнэджэрам на любым прадпрыемстве. Магу сябе не абмяжоўваць у выбары”.

Адстаўка Падабеда: “чыстка людзей Шэймана”?

Юры Падабед папоўніў сьпіс “неўязных” у краіны Эўразьвязу і ЗША за жорсткія разгоны акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму ў 2004 годзе. У 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў улады ўзнагародзілі яго ордэнам “За службу Радзіме” Ш ступені.

У 2004 годзе лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, пасьля таго як яго зьбілі амонаўцы пры затрыманьні ў рэстарацыі “Патыё-Піца”, падаваў скаргу ў пракуратуру.

“Ва ўмовах беларускіх якую функцыю выконваюць сілавыя структуры — неістотна, хто будзе ўзначальваць менскі спэцназ. Хіба што можна было б абмяркоўваць гэтую сытуацыю, калі б, напрыклад, яго ўзначаліла Зінаіда Бандарэнка ці Галіна Сямдзянава. Вось гэта была б падзея! У нашых умовах, калі яны выконваюць спэцыфічныя функцыі, Іваноў, Пятроў ці Сідараў, незалежна ад таго, да якой ён рэлігіі адносіцца ці якія мае палітычныя сымпатыі, ён усё роўна будзе выконваць загады, якія ідуць зьверху”.

Мікола Статкевіч
выказаў сваё меркаваньне наконт адстаўкі Юрыя Падабеда.
Магчыма, спадара Падабеда залічылі да гэтай каманды, да гэтай групоўкі (Шэймана). Тады, адпаведна, на такой адказнай пасадзе павінен быць чалавек з новай каманды.


“Усьлед за адстаўкай Шэймана пачынаецца чыстка людзей Шэймана. Магчыма, спадара Падабеда залічылі да гэтай каманды, да гэтай групоўкі. Тады, адпаведна, на такой адказнай пасадзе павінен быць чалавек з новай каманды”.

Юры Падабед быў чацьвёртым камандзірам менскага палку спэцназу міліцыі і праслужыў на гэтай пасадзе 9 гадоў. Цяпер менскімі спэцназаўцамі будзе камандаваць Юры Караеў, які да свайго прызначэньня служыў у Гомелі.

Пераемнік Юрыя Падабеда скончыў Саратаўскую вучэльню ўнутраных войскаў і ваенную акадэмію імя Фрунзэ ў Маскве. Уся ягоная кар’ера зьвязаная з унутранымі войскамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG