Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь дыстанцыюецца ад нафтавай спрэчкі Расеі і Чэхіі


Расея амаль удвая скараціла пастаўкі нафты ў Чэхію праз украінскі і беларускі ўчасткі нафтаправоду “Дружба”.

Замест паўмільёна тонаў сыравіны спажыўцы гэтай краіны атрымаюць толькі 300 тысяч.

Расейскія ўлады запэўніваюць кіраўніцтва Чэхіі, што гэта выклікана тэхнічнымі, а не палітычнымі прычынамі. Але бальшыня экспэртаў перакананыя: з боку Масквы — гэта крок у адказ на падпісаньне паміж Чэхіяй і ЗША дамоўленасьцяў аб разьмяшчэньні на тэрыторыі чэскай ваеннай базы Брды элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны.

Ужо бліжэйшым часам у Чэхію прыедуць геолягі з ЗША, якія выканаюць вымярэньні для ўсталяваньня радару (ён павінен запрацаваць да 2014 году). Чэскі бок зьвяртае ўвагу на тое, што “тэхнічныя прычыны” збою ў пастаўках расейскай нафты не закранулі іншых краінаў — Вугоршчыны, Славаччыны і Польшчы.

Галоўны інжынэр прадпрыемства “Гомельтранснафта” Аляксандар Бардоўскі для Радыё Свабода паведаміў, што Беларусь да эканамічнай спрэчкі бакоў ніякага дачыненьня ня мае, і параіў здабываць інфармацыю на інтэрнэт-сайце “Транснафты” — асноўнай расейскай кампаніі, якая пастаўляе нафту ў чэскім кірунку. У паведамленьні на сайце, у прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што прычынай зрыву кантрактаў стала няздольнасьць дробных кампаній-пасярэднікаў, большасьць якіх зарэгістраваныя ў афшорных зонах, забясьпечыць стабільнасьць такіх паставак.

Апроч таго, расейскі бок настойвае, што цягам апошніх трох гадоў Празе неаднаразова рабіліся прапановы падпісаць мэмарандум пра ўмовы пастаўкі расейскай нафты, каб урэшце зьявіўся мэханізм кантролю за выкананьнем кантрактных абавязкаў. Аднак, робіць высновы “Транснафта”, сваю ролю адыграла нежаданьне чэхаў афармляць абавязкі, якія гарантуюць пастаўкі менавіта расейскай нафты.

Скарачэньне паставак нафты прымусіла ўлады Чэхіі задзейнічаць альтэрнатыўныя схемы — у прыватнасьці, выкарыстоўваць рэзэрвовыя запасы і павялічыць нагрузку на трубаправод TAL-IKL. Чэхія яшчэ ў сярэдзіне 1990-х пайшла на выдаткі і працягнула транснацыянальны нафтаправод з Захаду, тым самым стварыўшы альтэрнатыўную крыніцу энэрганосьбітаў і зьнізіўшы небясьпеку шантажу з Усходу. Пракладзенае празь Нямеччыну адгалінаваньне сілкуецца ад заходнеэўрапейскіх сетак, сыравіна ў якія трапляе з Блізкага Ўсходу і з Паўночнага мора. Гэты нафтаправод, паводле чэскага Міністэрства прамысловасьці і гандлю, нават пры поўным спыненьні паставак нафты з Расеі можа кампэнсаваць недахоп паліва.
XS
SM
MD
LG