Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер 31 ліпеня.


Днямі Савет міністраў Беларусі выдаў пастанову, паводле якой у Беларусі да канца 2010 году мае быць прыватызавана 519 дзяржаўных прадпрыемстваў. Развагі нашага слухача на гэтую тэму:

Спадар Рыбакоў: “У Беларусі ідзе прыватызацыя на наступны год. У Расеі цяпер беспрацоўны Чубайс абяцаў усім па дзьве “Волгі”. Ужо і Чубайса няма, і ГАЗ “Волгі” не вырабляе. У Беларусі ўжо накрылася медным тазам чэкавая прыватызацыя. Зараз людзям прапануюць купляць акцыі гэтых прадпрыемстваў за свой кошт. З банкаў адцягнуць частку лішніх грошай, тым больш што ў насельніцтва больш за трыльён беларускіх грошай. Можа, будзе меншай інфляцыя. Тым больш, што ўклады ў нашых ашчадных банках — гэта міна запаволенага дзеяньня. Калі людзі пойдуць здымаць тыя грошы, то гэта будзе выбух страшнейшы, чым на Дзень незалежнасьці. Але ў Беларусі ўжо даўно прайшла прыватызацыя. Гэта прыватызацыя ўлады. І ў нас адна кампанія — “Лукашэнка і сыны”. Вось гэта самае страшнае. Гэтую прыватызаваную ўладу трэба аддаць народу, а прадпрыемствы няхай будуць у прыватнай уласнасьці”.

На мінулым тыдні кіраўнік краіны прыгразіў прыцягнуць да адказнасьці тых, хто будзе дапускаць страты новага ўраджаю. “Сёньня дзікія цэны на збожжа, і не сабраць яго якасна — злачынства. Пакуль пару чалавек не пасадзіш — не разумеюць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы. Водгук нашага слухача:

Спадар: “Аляксандар Рыгоравіч вядзе многія справы непрыдатнымі сродкамі. Раней у яго галоўныя мэтады былі “ў турму”, кайданкі і канфіскацыя, але ўжо нешта прыціх. Цяпер ён пачынае запужваць голадам. Нехта яму падсунуў выцемкі, што недзе людзі галадаюць. У Афрыцы ўсё жыцьцё галадалі і паміралі ад голаду, на жаль. І цяпер кажа: “Глядзіце, беларусы, вось столькі галадае і на наступны год столькі памрэ ад голаду”. Ну проcта ў духу нашага Лукашэнкі”.

Зіноўеў: “Скажыце, што адказала менская міліцыя БНФ пра муляж бомбы, знойдзены ля штаб-кватэры?”

16 жніўня 2006 году невядомыя прымацавалі на дзьвярах сядзібы БНФ прыстасаваньне, падобнае да бомбы, а вокны й дзьверы выпэцкалі смалой. Выкліканыя сапёры выявілі, што прыстасаваньне — муляж бомбы. Тады кіраўніцтва ўпраўленьня ўнутраных спраў Савецкага раёну Менску санкцыянавала распачаць крымінальную справу не за тэрарызм, як настойвалі сябры партыі БНФ, а за хуліганства.

На пытаньне слухача адказвае намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

Вячорка: “І ў 2006 годзе, калі быў тэрарыстычны замах на сядзібу БНФ (бо муляж бомбы таксама ёсьць прыкмета тэрарыстычнага акту), і сёлета, калі ноччу ў сядзібе БНФ былі пабітыя шыбы, вінаватыя не былі знойдзеныя. Хоць, здавалася б, нашая сядзіба ў цэнтры Менску, побач — Акадэмія МУС, уся вуліца прастрэльваецца відэакамэрамі. Але справа ніколі не была даведзеная да канца. Дарэчы, яе ніколі не заводзілі паводле адпаведных артыкулаў. Я гэтаму не дзіўлюся”.

Карэспандэнт: “Чым скончылася вашае камунікаваньне з прадстаўнікамі сілавых структураў? Вы ж цікавіліся ходам справы...”

“Казалі, што знайсьці вінаваўцаў не ўяўляецца магчымым”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.



XS
SM
MD
LG