Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьлядоўнымі супраціўнікамі ўдзелу апазыцыйных сілаў у парлямэнцкіх выбарах зьяўляюцца некаторыя ўдзельнікі грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь”.


Адзін зь лідэраў “Эўрапейскай Беларусі”, каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97” Зьміцер Бандарэнка перакананы, што ў выпадку, калі некалькім апанэнтам рэжыму будзе “дазволена” заняць дэпутацкія крэслы, уладам можна будзе заяўляць пра легітымнасьць ўсёй “дыктатарскай сыстэмы”:

“На сёньняшні момант большасьць суб’ектаў грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” выступаюць за байкот: гэта “Малады фронт”, актывісты грамадзянскай кампаніі “Джынс за Свабоду”, грамадзянскай кампаніі “За Свабоду” (ня блытаць з “Рухам За Свабоду”), а таксама шэраг дарослых палітыкаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці”.

Карэспандэнт: “Але гэта будзе выяўляцца ў нейкіх дзеяньнях ці гэта будзе байкот, што называецца, маўклівы?”

“Цяпер па ўсёй краіне распаўсюджваюцца інфармацыйныя матэрыялы, якія заклікаюць да байкоту, вывешваюцца расьцяжкі, ідзе кампанія ў інтэрнэце. Таксама падчас збору подпісаў за ўступленьне Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз насельніцтва інфармуецца – у чым сутнасьць байкоту і навошта гэта патрэбна”.

Карэспандэнт: “І ў чым мэтазгоднасьць байкоту, з вашага гледзішча?”

“Відавочна, што ў Беларусі няма свабодных выбараў, і з гэтым пагаджаюцца ўсе суб’екты беларускага палітычнага поля. І ўсе разумеюць, што калі ў так званай Палаце прадстаўнікоў зьявяцца апазыцыянэры, то гэтыя апазыцыянэры будуць прызначаныя дыктатарам Лукашэнкам. Мы катэгарычна супраць такога падыходу. Бо ў такім выпадку будзе легімітызаваная ўлада Лукашэнкі, усе міжнародныя пагадненьні, “палаткай” зацьверджаныя, таксама будуць прызнаныя, прыватызацыя бескантрольная, якая цяпер адбываецца і будзе праходзіць больш масава ў найбліжэйшы час, таксама легітымізуецца. І гэтага рабіць нельга. Таму што сёньня ідзе рабаваньне беларускага народу, няма кантролю за дзеяньнямі ўлады. Няма кантролю нават іншымі галінамі ўлады за Лукашэнкам. І вось гэтыя два-тры чалавекі, якіх могуць прызначыць у палату апазыцыянэрамі, яны будуць легітымізаваць усю дыктатарскую сыстэму. Мы катэгарычна супраць такога падыходу, таму і заклікаем да байкоту”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG