Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Радыё Свабодная Эўропа” спыняе вяшчаньне на Румынію


Прэзыдэнт Румыніі Т.Басэску ўручае ўзнагароду прэзыдэнту RFE/RL Джэфу Гедміну

Прэзыдэнт Румыніі Т.Басэску ўручае ўзнагароду прэзыдэнту RFE/RL Джэфу Гедміну

Паводле прэзыдэнта краіны Траяна Басэску, гэта азначае канец пераходу Румыніі да ўстойлівай дэмакратыі.

Прэзыдэнт Румыніі Траян Басэску сёньня ўзнагародзіў Радыё Свабода/Свабодня Эўропа і ВВС спэцыяльнымі прызамі за іх шматгадовыя перадачы на румынскай мове. 1 жніўня гэтыя станцыі спыняюць вяшчаньне на Румынію.

“Мы ўшаноўваем RFE/RL i BBC ня толькі за іх дзейнасьць на працягу камуністычнай эпохі, калі яны змагаліся за праўду, але таксама і за важную ролю, якую яны адыгралі ў падтрымцы нараджэньня грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай Румыніі пасьля краху камунізму”, – сказаў прэзыдэнт Басэску.

Ён таксама дадаў, што і задаволены, і засмучаны з прычыны, што гэтыя станцыі пакідаюць Румынію – задаволены, таму што гэта азначае канец пераходу краіны да ўстойлівай дэмакратыі, а засмучаны, таму што гэтых галасоў яму будзе не хапаць.

Прымаючы ўзнагароду ў прэзыдэнцкім палацы ў Бухарэсьце, прэзыдэнт RFE/RL Джэф Гедмін прысьвяціў яе “сотням журналістаў і аналітыкаў, якія на працягу амаль 60 гадоў прадэманстравалі надзвычайную сьмеласьць, ахвярнасьць і пачуцьцё доўгу для свабодных і незалежных мэдыяў у Румыніі, часта рызыкуючы сабой і сваімі сем’ямі”.

Паводле паведамленьня румынскага ўраду ад 2006 году, камуністычныя ўлады Румыніі, магчыма, адказныя за забойствы трох дырэктараў Румынскай службы нашага радыё.

Румынская служба пачала экспэрымэнтальнае вяшчаньне 14 ліпеня 1950 году, а паўнацэннае – 1 траўня 1951 году.
XS
SM
MD
LG