Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паслухаў пра кошт адукацыі - тут сам пойдзеш на панэль”


Агляд званкоў на “Свабоду” за 30 ліпеня, чацьвер.

“Паглядзіш зараз на вэтэранаў Вялікай Айчыннай, якіх засталося няшмат — і становіцца шкада гэтых людзей. Нізкі паклон ім за тое, што яны выратавалі сьвет ад фашызму. Аднак змагацца ім трэба было ня толькі супраць фашызму, але і супраць сталінізму, як кажуць “За Радзіму”, а не за Сталіна. Зусім незразумелая пазыцыя нашага цяперашняга правадыра Лукашэнкі, які ня ведае сапраўднай гісторыі. Тым ня менш гэта не перашкодзіла яму патраціць народныя грошы на ўзьвядзеньне так званай “Лініі Сталіна”.

Тэлефанаваньне слухача камэнтуе гісторык Алег Гардзіенка:

“Лінія Сталіна, умацаваныя раёны — праектавалася на пачатку 1930-х гадоў на прадмет вайны на заходняй мяжы. Пры канцы 30-х патрэба ў ёй адпала, пачалося ўзьвядзеньне ўжо новай лініі на новай мяжы Савецкага Саюзу, так званай “Лініі Молатава”. Таму стратэгічнага значэньня яна ня мела, ніякіх сур’ёзных баёў у 1941 годзе на ёй не вялося. Немцы ўжо на пяты дзень вайны занялі Менск.

Але трэба адзначыць, што гэты праект зараз карыстаецца вельмі вялікім посьпехам. Цяпер вельмі модна праводзіць розныя інсцэніроўкі баёў, розныя сьвяты за горадам. Не вазіць жа людзей у Хатынь — там зусім іншая атмасфэра і аўра, гэта сымбаль беларускай трагедыі. У Брэсцкую крэпасьць — вельмі далёка. Таму, напэўна, Лінія Сталіна, гэты міт умацоўваецца з кожным годам”.

Наступнае тэлефанаваньне:

“Па дарозе да новага раддома і да “Славянскага базару” Лукашэнка прыкмеціў, што на тэрыторыі Менскай і Віцебскай абласьцей шмат запусьцелых зямель. А дзе ты быў усе 14 год, ня бачыў, што гіне сяло? Цешыў сябе, што прыедзе дзядзька з аграгарадка і зазелянее ніва? Ня будзе гэтага. Красуесься на адкрыцьці новабудоўляў, “Славянскага базару”, лядовых палацаў, дажынак. Куды табе да праблем зямных! Не прэзыдэнт, а вясельны генэрал”.

Тэлефанаваньне слухача камэнтуе член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, прафэсар Іван Нікітчанка:

“За час кіраваньня Лукашэнкі сельская гаспадарка страціла каля 720 тысяч гектараў ворнай зямлі. Яе засеяла прырода – яна зарасла кустоўем. Гэта недакладная лічба, бо шмат ужо кінутых участкаў на дачах, у вёсках — зямля не апрацоўваецца. Зямля гіне... Чаму? Няма гаспадара на зямлі. Мы даўно прапанавалі рабіць аграрныя рэформы, вярнуць зямлі гаспадара. Тады зямля ня будзе прападаць”.

І яшчэ некалькі меркаваньняў нашых слухачоў:

“Прывітаньне, “Свабода”! 29 ліпеня, раніца. Аўтобусны прыпынак. Палова мужчын цягне піва, пахмяляецца пасьля ўчорашняга. Паветра скаланаецца ад нецэнзурнай лаянкі, і ніякіх заўвагаў. Страшна. Ніхто нікога не арыштоўвае — гэта ж “правільны электарат”, а не апазыцыя. Вось і ўвесь наш росквіт”.

“Учора наш кіраўнік прадаў туркам сотавага апэратара “БеСТ” за 600 мільёнаў даляраў, раней — “Velcom” таксама за 600 мільёнаў даляраў — ён умее рабіць грошы “з паветра”, фактычна ён правільна кажа. Яшчэ зьбіраецца ўвесьці 15 сутак арышту за занятак прастытуцыяй. Учора паслухаў па вашым радыё пра цэны на вышэйшую адукацыю — тут сам пойдзеш на панэль. Сама дзяржава гоніць нашых дзяўчат на панэль. Цяжка, канечне, ад усяго гэтага, ой-ё-ёй!”

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Тэлефон ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
XS
SM
MD
LG