Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: “шпіёнскія справы” ў часе выбараў невыпадковыя


Справа амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра стала трэцяй па ліку гучнай справай над іншаземцам, якую распачалі ў год выбарчай кампаніі.

У 2001 годзе беларускія спэцслужбы абвінавацілі ў шпіянажы грамадзяніна Нямеччыны Крыстафэра Леца і грамадзяніна Італіі Анджэла Антоніё Піў.

Грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра судзяць за зачыненымі дзьвярыма, як судзілі Крыстафэра Леца і Анджэла Антоніё Піў.

У красавіку 2001 году беларускія спэцслужбы затрымалі бізнэсоўца, грамадзяніна Італіі Анджэла Антоніё Піў. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта здабываў зьвесткі вайсковага характару. У крымінальнай справе супраць італьянца праходзіла 26-гадовая грамадзянка Беларусі Ірына Вушак. Яе, як і спадара Піў, абвінавацілі ў шпіянажы, але яшчэ й у здрадзе Радзіме.

Працэс адбываўся за зачыненымі дзьвярыма. Згодна з пастановай суду, Анджэла Антоніё Піў уцягнуў Ірыну Вушак у шпіёнскую дзейнасьць. Італьянца пакаралі пазбаўленьнем волі на чатыры з паловай гады, а Ірыну — на 4. Праз год Аляксандар Лукашэнка памілаваў Ірыну, а грамадзянін Італіі адбываў пакараньне ў беларускай турме.

Тады ж, у 2001 годзе, у камэру сьледчага ізалятара КДБ (так званую “амэрыканку”) трапіў грамадзянін Нямеччыны Крыстафэр Лец. Яго таксама абвінавацілі ў шпіянажы. Закрыты суд пакараў Леца зьняволеньнем на 7 гадоў. Але напярэдадні пышнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі немца памілавалі і дэпартавалі з тэрыторыі Беларусі.

У дзяржаўных сродках масавай інфармацыі акцэнт рабіўся на тым, што Лец выкладаў у Цэнтры Маршала, які называўся “цэнтрам падрыхтоўкі дывэрсантаў”. На думку назіральнікаў, менавіта выкладчыцкая дзейнасьць Крыстафэра Леца й адыграла станоўчую ролю ў справе яго вызваленьня, бо ў Цэнтры Маршала праходзяць стажыроўку і расейскія афіцэры.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што “шпіёнскія справы” невыпадкова ўзьнікаюць у Беларусі ў часе выбарчых кампаній. Што да справы Эмануіла Зэльцэра, то сп.Лябедзька бачыць адной з прычынаў абвастрэньне стасункаў паміж Беларусьсю і ЗША.

“Выбарчая кампанія ў Беларусі — гэта падвышаная рызыка для іншаземцаў, якія наведваюць нашу краіну. Бо ты можаш ехаць з аднымі мэтамі, а потым стаць закладнікам той ці іншай сытуацыі. Вось для амэрыканцаў сёньня невыгодна прыяжджаць у Беларусь, бо афіцыйны Менск знаходзіцца ў стане вайны і інфармацыйнай, і палітычнай, і дыпляматычнай з ЗША.

І безумоўна, што людзей, якія трапляюць сюды, могуць трымаць як закладнікаў у гэтай сытуацыі, каб выкарыстоўваць іх у шантажы ў адносінах да ЗША”.

Анатоль Лябедзька лічыць, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць чарговую гучную “шпіёнскую” справу для ўзьдзеяньня на беларускую грамадзкасьць.

“А для ўнутранага карыстаньня, канечне, у нас жа ўсе замежнікі, якія прыяжджаюць да нас у краіну, ня хочуць зрабіць нас багатымі і шчасьлівымі, а прыяжджаюць зь нейкімі “дурнымі думкамі”. У нас ёсьць структуры, якія пільныя, якія ўсё адсочваюць і ловяць розных там шпіёнаў.

У нас значная частка людзей успрымае апавяданьні пра мяжу і Мухтара, які разам з пагранічнікамі лавіў шпіёнаў, што пранікалі да нас у краіну. На гэтым узроўні многае засталося”.
XS
SM
MD
LG