Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкі ваенкамат хоча прызваць моладзевага актывіста


Актывіст Маладога фронту з Полацка Алесь Круткін днямі атрымаў позву на мэдычную камісію для вайсковага прызыву.

Гэта здарылася ў міліцэйскім пастарунку. Там жа на яго склалі адміністрацыйны пратакол — за тое, што ён нібыта праігнараваў першы выклік у ваенкамат, каб пазьбегнуць службы ў войску. Гэта ня першы выпадак, калі актывістаў моладзевых арганізацый спачатку выключаюць з ВНУ, а потым імкнуцца тэрмінова забраць у войска.

Вайскова-мэдычная камісія мусіць вырашыць, ці прыдатны Алесь Круткін да службы: хлопец мае слабы зрок і стала носіць акуляры. Паводле Алеся Круткіна, пытаньне пра прызыў у войска паўстала толькі апошнім часам — пасьля таго як напрыканцы чэрвеня яго адлічылі з 1 курсу гістфаку БДУ за актыўную апазыцыйную дзейнасьць.

Афіцыйнай прычынай адлічэньня стала нібыта акадэмічная непасьпяховасьць, хоць цягам году Алесь лічыўся найлепшым студэнтам на курсе. Яго, выпускніка полацкай гімназіі, нават прымалі ва ўнівэрсытэт без уступных іспытаў — як аднаго зь пераможцаў школьнай рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, якая ў ягоным жыцьці — галоўнае захапленьне.

Распавядае Алесь Круткін:

“Яшчэ клясы з 3-й я цікавіўся сусьветнай гісторыяй, а потым стаў больш цікавіцца гісторыяй Беларусі, асабліва пасьля сустрэчы з Уладзімерам Арловым. Паўплывалі яшчэ кнігі Міколы Ермаловіча і Генадзя Сагановіча. Так што патрыятычныя погляды ў мяне былі ўжо даўно, і я здаўна меў намер далучыцца да “Маладога фронту”.

Цяпер Алесь Круткін узначальвае віцебскую абласную суполку гэтай грамадзкай арганізацыі, зарэгістраванай у Чэхіі.

Заснавальнік “Маладога Фронту” Павал Севярынец пазнаёміўся з Алесем Круткіным на “хіміі” ў Малым Сітне.

“У ім спалучаюцца інтэлектуал і вельмі ахвярны чалавек. Такое рэдка сустракаецца ў прыродзе, а ў Беларусі тым болей, — лічыць Павал Севярынец. — Ён здольны любога прыхільніка рэжыму пераконваць да перамогі. Як у яго хапае аргумэнтаў, я сам зьдзіўляюся. І вельмі самаахвярны чалавек. Ён аўтастопам праехаў усю Віцебскую вобласьць, сустракаўся з моладзьдзю. Дзе ён — там пачынаецца моладзевы рух. Канечне ж, такія людзі небясьпечныя для рэжыму”.

Паводле парады журналіста Алеся Аркуша полацкі маладафронтавец Алесь Круткін пачаў натаваць кроніку ўласнага змаганьня:

“Ён сказаў, што з часам усё забываецца, і таму я вяду такую кроніку. Паводле маіх падлікаў, у мяне 16 затрыманьняў за паўтара года і дзесьці каля 4 мільёнаў беларускіх рублёў штрафаў”.

Да гэтага пераліку можна далучыць яшчэ й каля 20 сутак арыштаў, якія Алесю Круткіну давялося адбыць пасьля затрыманьняў. Разам зь ім нярэдка затрымлівалі і асуджалі ягонага сябра Міколу Дземідзенку.

“Мы хадзілі пікетаваць разам, а потым апыналіся разам у ізалятары. Ну й размаўлялі, як заўсёды ў адной камэры. Размова ў нас адна — пра далейшае: чым займацца, што трэба ўдакладніць, усялякае такое”, — распавядае Мікола Дземідзенка.

Алесь Круткін кажа, што хацеў бы працягваць адукацыю ў віленскім ЭГУ, але толькі на завочным аддзяленьні — каб не зьяжджаць надоўга зь Беларусі. А наконт службы ў войску разважае так: гэта неблагая школа жыцьця, але ў тым выпадку, калі там служаць кантрактнікі-адмыслоўцы, а не адлічаныя за палітычныя погляды студэнты. Да 31 ліпеня мэдычная камісія павінна вырашыць, ці адправіцца Алесь Круткін на вайсковую службу.
XS
SM
MD
LG