Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

30 ліпеня пайшоў з жыцьця фатограф Уладзімер Крук.

Зь ягоным імем зьвязаная ўся гісторыя беларускай культуры другой паловы дваццатага стагодзьдзя, якую ён адлюстраваў на тысячах унікальных фотаздымкаў. Яму ішоў 82-гі год.

У 1951 годзе Уладзімер Крук прыйшоў працаваць у газэту “Літаратура і мастацтва” шафёрам. Возячы карэспандэнтаў па Беларусі, пачаў і сам фатаграфаваць. І паступова стаў сапраўдным фатамайстрам. Распавядае былы рэдактар тыднёвіка “ЛіМ” Мікола Гіль:

“Цяжка пераацаніць тое, што ён зрабіў за пяцьдзясят гадоў работы ў “ЛіМе”. Ён выканаў працу цэлага інстытуту. Ён зафіксаваў літаральна ўсе падзеі літаратурна-мастацкага жыцьця Беларусі за добрых паўсотні гадоў — музычнага, літаратурнага, музэйнага, мастацкага. Ён не прапусьціў ніводнае выставы, ніводнае літаратурнае сустрэчы, ніводнага пленума ці зьезда творчых саюзаў і ўсё гэта старанна фіксаваў на стужку. У выніку архіў Крука — гэта проста неацэнны скарб для сёньняшніх і будучых гісторыкаў нашай літаратуры, мастацтва, культуры ўвогуле. І ня толькі для гісторыкаў, а для ўсіх, хто дбае пра наша мастацтва, пра нашу літаратуру, культуру”.

Фотамастак і паэт Георгі Ліхтаровіч, даведаўшыся пра сьмерць свайго старэйшага сябра, з трывогай сказаў пра лёс ягонага ўнікальнага архіву:

“Мне, можа, і ня надта дарэчы казаць адразу пра гэта, пачуўшы такую сумную навіну, але трэба абавязкова парупіцца пра лёс ягонага архіву, бо калі мы гэта страцім — ня дай Бог! — то мы страцім вялікі кавалак нашай культуры. Гэтыя здымкі павінны застацца назаўжды”.

Частку свайго архіву Ўладзімер Крук перадаў у Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры, а частку хацеў выдаць у выглядзе кнігі. Дапамагаў яму ў гэтым даўні сябра — фатограф, народны мастак і пісьменьнік Вячаслаў Дубінка.

“Мы цяпер рыхтуем кніжку, якая будзе называцца “Па нястомленай памяці”. Аўтар яе — Уладзімер Крук. Ён зьмяшчае ў яе фота каля шасьцідзесяці пісьменьнікаў, народных артыстаў, музыкаў. І кожных з гэтых арыгіналаў, хто на фотаздымках, прысьвяціў аўтограф Валодзю Круку. Яму летась было восемдзесят гадоў, і мы з такой нагоды пачалі рабіць такую кніжку. На жаль, гэтай кніжкі ён не дачакаўся. Усё адно мы давядзём гэту кніжку, яна будзе, і яна будзе ў памяць аўтара”.
XS
SM
MD
LG