Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Туркі набылі беларускага мабільнага аўтсайдэра


Турэцкая кампанія “Турксэл” абвясьціла пра жаданьне набыць 80% акцый апэратара мабільнай тэлефоннай сувязі “БеСТ”. Адпаведнае пагадненьне зь Дзяржаўным камітэтам маёмасьці бізнэсоўцы з Турэччыны падпісалі ўчора ў Менску.


Згодна з дакумэнтам, 20% акцый застануцца ва ўласнасьці дзяржавы і на іх продаж будзе дзейнічаць 5-гадовая забарона. Астатнія акцыі турэцкі бок набудзе за паўмільярда даляраў.

Як патлумачылі ў кампаніі “БеСТ”, аплату турэцкая кампанія мае ажыцьцявіць у тры этапы. 300 мільёнаў даляраў паступяць празь месяц; у апошнія дні 2009 і 2010 гадоў будуць пераведзеныя яшчэ па 100 мільёнаў даляраў. Паказаўшы па выніках 2008 году гадавы прыбытак, “БеСТ” атрымае яшчэ 100 мільёнаў даляраў на разьвіцьцё інфраструктуры. Цягам наступных гадоў “Турксел” плянуе дадаткова інвэставаць ва ўдасканаленьне сеткі яшчэ 400 мільёнаў даляраў.

На чым грунтуецца аптымізм турэцкіх бізнэсоўцаў? Лідэры рынку сувязі Беларусі “Мабільныя тэлесыстэмы” (МТС) і “Velcom” маюць на дваіх 8 мільёнаў абанэнтаў, тым часам як абанэнцкая база “БеСТ” за тры гады існаваньня не дасягнула і 200 тысяч. Нават міністар сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей прызнаўся, што рынак у Беларусі практычна падзелены, і цяперашні рэсурс не перавышае мільёну абанэнтаў.

У прадстаўніцы апэратара мабільнай сувязі “БеСТ” Таісы Пастуховай я пацікавіўся: ці разумелі турэцкія партнэры, наколькі абмежаваныя магчымасьці беларускага рынку?

“Мне вельмі складана камэнтаваць нейкія захады іншага боку. Думаю, што, безумоўна, у іх працавалі аналітыкі, перад тым як зрабіць такое набыцьцё. У нас такой інфармацыі няма — што ў іх было ў галаве, калі яны нас куплялі. Аднак для нас, вядома, гэта крок станоўчы. Ня толькі для кампаніі, а ўвогуле для эканомікі Беларусі. Бо вельмі значныя інвэстыцыі ў эканоміку дзяржавы ўліваюцца. То бок, апроч уласна сумы зьдзелкі, маецца на ўвазе яшчэ сума, якую трэба будзе асвоіць у якасьці інвэстыцый”.

Адпачатку плянавалася, што заснаваны дзяржавай трэці гулец на рынку мабільнай сувязі стане гэткім “брыгадзірскім апэратарам”, які будзе задавальняць патрэбы перадусім калгаснай адміністрацыі. Аднак слабая інфраструктура так і не дазволіла ахапіць аддаленыя рэгіёны, а якасьць сувязі не адпавядае коштам падключэньня і абслугоўваньня. За першыя чатыры месяцы 2008 году “БеСТ” прывабіў толькі 3,5 тысячы чалавек, пасьля чаго кіраўніцтва кампаніі перастала рабіць справаздачы пра колькасьць сваіх карыстальнікаў. Агулам кампанія цяпер мае каля 187 тысяч абанэнтаў.

Цяпер паслугі сувязі прадпрыемства “БеСТ” даступныя на тэрыторыі, дзе пражывае крыху больш за 60% насельніцтва Беларусі. Для параўнаньня, ахоп пакрыцьця тэрыторыі кампаніямі “МТС” і “Velcom” складае 90% і 95% насельнікаў адпаведна. Таму, як кажа прадстаўніца “БеСТ” Таіса Пастухова, цалкам зразумела, што значная доля інвэстыцый будзе накіраваная якраз на ўдасканаленьне тэхнічнай базы апэратара:

“Блізу 200 мільёнаў інвэстыцый мяркуецца накіраваць на разьвіцьцё інфраструктуры, маркетынгу, продажу, на ўсё астатняе. Увогуле мы мяркуем, што, пэўна, у нас першы месяц — гэта будзе пэрыяд такога прыгляданьня адзін да аднаго, а пасьля гэтага ўжо пойдзе канкрэтная праца. Цяпер мы пачынаем працаваць над бізнэс-плянам”.

Пры канцы мінулага году аўстрыйская кампанія “Mobilkom Austria Gruр” набыла кантрольны пакет акцый другога па аб’ёме абанэнцкай базы пасьля “МТС” апэратара мабільнай сувязі “Velcom”. 70% долі ў статутным фондзе кіпрскага ўласьніка “Velcom” — кампаніі “SB Telecom Ltd” — аўстрыйцы набылі за 730 мільёнаў эўра. Астатнія 30%, якія належаць кіпрыётам, могуць быць выкупленыя ў 2010 годзе за 320 мільёнаў эўра.

XS
SM
MD
LG