Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца, адвакат Гары Паганяйла заявіў, што “справа Зэльцэра” мае як эканамічны, так і палітычны падтэкст.


“Я схільны верыць прафэсійнаму, граматнаму і прынцыповаму адвакату Зьміцеру Гарачку і думаю, што ён мае рацыю, калі цьвердзіць, што там няма складу злачынства.

Я ня ведаю, чаму беларуская крымінальная юстыцыя вырашыла разьбірацца з Зэльцэрам і ягонай сакратаркай. Хутчэй за ўсё, тут прысутнічае і нейкі расейскі сьлед, і нейкія свае эканамічныя інтарэсы, каб на сваю карысьць вырашыць нейкія праблемы з уласнасьцю грузінскага мільянэра-нябожчыка.

І наўрад ці можна спадзявацца на тое, што беларускі суд разьбярэцца ў гэтай справе. Бо нашы суды надзвычай залежныя і неаднаразова гэта дэманстравалі. Улічваючы, што справа ўзятая пад кантроль пэўнымі службамі дзяржавы, відаць, што вэрдыкт будзе не прававы, а палітычна матываваны, заказны. Як скажуць, так і зробяць”.

Адносна таго, што працэс над Зэльцэрам закрыты, спадар Паганяйла сказаў:

“Там, дзе няўтульна адчувае сябе наша правасудзьдзе з доказамі, дзе прысутнічае эканамічны ці палітычны падтэкст у інтарэсах дзяржавы ці пэўных элітаў дзяржаўнага чынавенства, там заўсёды імкнуцца закрыць працэс, стварыць сытуацыю поўнай інфармацыйнай ізаляцыі, каб вяршыць правасудзьдзе па-свойму. Таму я не дзіўлюся, што яны вырашылі закрыць гэты працэс”.

Дзярждэпартамэнт ЗША, заклапочаны здароўем Э.Зэльцэра, прасіў беларускія ўлады вызваліць яго дзеля меркаваньняў гуманнасьці. Аднак афіцыйны Менск не прыслухаўся да гэтых просьбаў.

“Улада наша не гуманная і не цывілізаваная. Таму яна ніколі не адгукаецца на падобныя заклікі і не дэманструе гэтую цывілізаванасьць і гуманнасьць. Яна вырашае свае шкурныя ці кланавыя інтарэсы і выкарыстоўвае правасудзьдзе як інструмэнт для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў. Яна заўсёды дэманструе варожасьць і непрыязнасьць. Ня кажучы ўжо пра тое, каб пайсьці насустрач і зрабіць гуманныя, цывілізаваныя крокі адносна хворага чалавека, які, магчыма, і не рабіў ніякіх злачынстваў”.

XS
SM
MD
LG