Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марк Зэльцэр: “Справу майго брата замовіў Беразоўскі”


Барыс Беразоўскі

Барыс Беразоўскі

30-га ліпеня ў Менску пачаўся працэс над амэрыканскім грамадзянінам Эмануілам Зэльцэрам, якога абвінавацілі ў падрабленьні дакумэнтаў ды іншых злачынствах.


Напярэдадні Радыё Свабода запісала інтэрвію з братам Эмануіла Зэльцэра Маркам Зэльцэрам, які жыве ў Нью-Ёрку.

Вось што Марк Зэльцэр мяркуе пра крымінальную справу супраць ягонага брата:

“Думаю, гэта робіцца на замову Беразоўскага. Не зьдзіўлюся, калі на працэсе зьявяцца нейкія сьведкі, якіх пашле Беразоўскі”.

Карэспандэнт: “А чаму гэта выгадна Беразоўскаму, на вашу думку?”

“Беразоўскаму трэба ізаляваць майго брата, бо ён – адвакат Патаркацышвілі. Гэта ж ўсё з-за ягоных грошай. Не таму, што нешта падроблена ці нейкія наркотыкі ў леках. Вялікія грошы! Патаркацышвілі пакінуў тастамэнт, паводле якога ўсё трэба падзяліць паміж сваякамі. У яго было фактычна дзьве сям’і, дзьве жонкі: Гудавадзэ і Сафонава. І паводле гэтага тастамэнту нічога Беразоўскаму не застаецца, і адпаведна нічога не ідзе Джозэфу Кею і майму брату. У тэстамэнце дакладна пазначана: 25% адной жонцы, 25% другой жонцы, астатняе дзеліцца паміж маці і дзецьмі. А Беразоўскага там няма. А ён лічыць, што быў 50-працэнтовы партнэр. Папер ён ня можа паказаць у доказ, бо іх у яго няма. І вось ён вырашыў... Вядома, для яго выгадна было б і Кея таксама пасадзіць недзе... Ну, вось знайшоў краіну ў Эўропе...”

Карэспандэнт: “А чаму, паводле вашай вэрсіі, беларускія ўлады дапамагаюць Беразоўскаму?”

“Сьледчыя некалькі разоў ляталі ў Лёндан да Беразоўскага на кансультацыі. Мы пра гэта ведаем. Паміж імі былі электронныя перамовы, у мяне ёсьць копіі. Гэта замова. Брат прыляцеў у Менск на самалёце Беразоўскага, гэта сам Беразоўскі прызнаў. Брат прыляцеў і быў здадзены КДБ”.

У сакавіку ў інтэрвію расейскай газэце “Коммерсантъ” Барыс Беразоўскі расказваў, што ангельскі мільянэр Джозэф Кей, які прэтэндуе на спадчыну Бадры Патаркацышвілі, і Эмануіл Зэльцэр зьявіліся ў доме Патаркацышвілі на трэці дзень па яго сьмерці:

“Яны паказалі ксэракопію тастамэнту, нібыта складзенага Бадры 14 лістапада 2007 году, натарыяльна завераную іх сябрам Алікам Фішкіным. Зыходзячы з ксэракопіі гэтага тастамэнту, Бадры перадаваў усе свае актывы Кею, які павінен быў “кіраваць імі пры жыцьці і пасьля маёй сьмерці”. Але ўся рэч у тым, што ў той дзень, 14 лістапада 2007 году, і гэта ўжо пацьверджана сьледчым шляхам, Бадры Патаркацышвілі ніякіх тастамэнтаў у канторы Зэльцэра не пісаў – увесь дзень ён прымаў гасьцей і лёг спаць а першай ночы”.

Пазьней Беразоўскі заяўляў, у прыватнасьці, газэце “Коммерсантъ”, што ён сапраўды даваў у Лёндане сьведчаньні супрацоўнікам КДБ Беларусі аб махлярскіх дзеяньнях Джозэфа Кея і Эмануіла Зэльцэра, накіраваных на захоп актываў Бадры Патаркацышвілі.
XS
SM
MD
LG