Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цягам гэтага году цэны на камэрцыйнае навучаньне ў вядучых ВНУ Беларусі вырасьлі ў некалькі разоў.

Ці дае сёньняшняя беларуская сыстэма адукацыі дастаткова ведаў і прафэсійнай пэрспэктывы? Чым адрозьніваюцца беларускі і літоўскі прынцыпы вышэйшай адукацыі? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітоляг Уладзімер Мацкевіч і выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Літве Дзяніс Мельянцоў.

Цыганкоў: “У БДУ на некаторых факультэтах кошт навучаньня перасягнуў дзьве тысячы даляраў за сэмэстар. Пры гэтым скарачаецца доля бюджэтных месцаў у дзяржаўных ВНУ. Як можна ацаніць гэты працэс? Ці адпавядаюць тыя веды, якія дае беларуская вышэйшая школа, тым грошам, якія за яе плацяць?”

Сёньня ўзровень вышэйшай адукацыі падае, а яе кошт расьце

Мацкевіч: “Сапраўдны кошт вышэйшай адукацыі значна перавышае тыя сумы, якія плацяць студэнты. На сёньня адукацыя каштуе вельмі дорага, але пакуль што большая частка ўсё яшчэ ідзе з бюджэту.

Іншая справа, што беларуская сыстэма адукацыі не была падрыхтаваная ні да цяперашняй дэмаграфічнай сытуацыі, ні да падвышэньня попыту на вышэйшую адукацыю, які назіраецца ва ўсім сьвеце. Непадрыхтаванасьць прывяла да таго, што сыстэма адукацыі не была забясьпечана сродкамі, каб зрабіць адпаведную адукацыю. Такім чынам, сёньня ўзровень вышэйшай адукацыі падае, і падвышэньне коштаў ніяк не зьвязана з павышэньнем якасьці адукацыі”.

Цыганкоў: “Ці можна сказаць, што рост аплаты за адукацыю ў Беларусі будзе расьці, і гэта адпавядае міжнародным працэсам?”

Мацкевіч: “Не зусім так. Ва ўсім сьвеце кошт навучаньня студэнта складаецца зь некалькіх крыніцаў. Тое, што плаціць сам студэнт – толькі адна частка. Астатнія – гэта бюджэтныя сродкі і ўласныя сродкі, што зарабляюць унівэрсытэты.

Беларуская сыстэма адукацыі сыстэмна дэзарганізаваная. ВНУ амаль ня маюць уласных сродкаў, ня могуць зарабляць сваёй навуковай дзейнасьцю, а бюджэтнае фінансаваньне недастатковае і не адпавядае патрэбам краіны”.

Цыганкоў: “Дзяніс, вы выкладаеце ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Літве. У вас, такім чынам, ёсьць магчымасьць параўнаць кошты і якасьць навучаньня. Як можна вызначыць месца беларускай сыстэмы адукацыі на ўзроўні нашых суседзяў?”

У Літве большасьць студэнтаў год навучаецца па абмену ў Заходняй Эўропе

Мельянцоў: “Калі параўноўваць беларускую адукацыю зь літоўскай, то, паводле майго меркаваньня, літоўская сыстэма адукацыі нашмат больш эфэктыўная. У мяне была магчымасьць параўнаць, бо я выкладаў адзін курс на факультэце міжнародных адносінаў у БДУ і адначасова вучыўся ў Інстытуце міжнародных адносінаў у Літве. Гэта зусім іншыя адукацыйныя ўзроўні.

У Літве навучаньне ў прэстыжных унівэрсытэтах каштуе пакуль больш чым у Беларусі, але якасьць яе ў некалькі разоў перавышае беларускую. Выяўляецца гэта, па-першае, у вельмі добрых умовах для навучаньня – бібліятэкі, базы дадзеных. Шмат замежных выкладчыкаў, які прыяжджаюць і дзеляцца сваім досьведам. Фактычна, каля траціны выкладчыкаў на гуманітарных факультэтах ў віленскіх унівэрсытэтах – гэта замежнікі. У Беларусі такога не назіраецца, хутчэй ідзе зваротная тэндэнцыя, калі зьмяншаецца колькасьць замежных выкладчыкаў”.

Цыганкоў: “Ці можна сказаць, што літоўская сыстэма адукацыі накіраваная на тое, каб выпусьнікі ВНУ знаходзілі сябе працу ня толькі ў Літве, але і па ўсёй Эўропе?”

Мельянцоў: “Так, вядома. Бо літоўскія ўнівэрсытэты ўключаныя ў розныя эўрапейскія праграмы абмену – калі кожны студэнт цягам навучаньня мае магчымасьць правесьці адзін год па-за межамі свайго ВНУ, дзе-небудзь у Заходняй Эўропе, браць там пэўныя курсы, якія потым залічваюцца ў сваім унівэрсытэце. Літаральна амаль кожны студэнт карыстаецца гэтай магчымасьцю. І потым, калі студэнты заканчваюць навучаньне ў літоўскіх ВНУ, то тыя, хто хоча працягваць навучаньне, працэнтаў 80 зьяжджаюць у магістратуры ўнівэрсытэтаў у Заходняй Эўропе”.

Відавочнае адставаньне ў гуманітарнай галіне

Цыганкоў: “Калі мы гаворым пра ўзровень беларускай адукацыі, ці ня варта праводзіць падзел паміж дакладнымі навукамі і гуманітарнымі? Яшчэ ў часы СССР у Беларусі вельмі добра вучылі “на фізыкаў”, інжынэраў, але гуманітарная сфэра адставала. Ці няма такога падзелу?”

Мацкевіч: “Такі падзел ёсьць, ён існаваў заўсёды. На постсавецкай прасторы ўвогуле вельмі істотную праблему складае функцыянальная непісьменнасьць у гуманітарнай галіне, юрыдычная, мэнэджэрская непісьменнасьць, разуменьне сацыяльных працэсаў. Гэта замаруджвае і грамадзкае разьвіцьцё, правядзеньне рэформаў і гэтак далей. У гэтым сэнсе наша адставаньне відавочнае.

Але сёньня і ў галіне прыродазнаўства, тэхнічных навукаў час не стаіць на месцы, Тое, чым ганарылася беларуская савецкая адукацыя – на сёньня гэты гонар зусім не апраўданы. Патрэбная вялікая матэрыяльная база, падтрымка цэлых навуковых колаў. Так што рэгрэс можна назіраць і там, і там.

Тым больш што дзяржаўная палітыка Беларусі ў галіне адукацыі яшчэ больш зьніжае нагрузку на гуманітарныя дысьціпліны, і ў гэтым сэнсе мы хутка апынемся яшчэ ў горшым становішчы. Без інтэграцыі беларускай сыстэмы вышэйшай адукацыі ў эўрапейскую, без уключэньне ў праграмы, прадугледжаныя Балёнскім працэсам, пра якія і Дзяніс ужо казаў – бяз гэтага беларускую адукацыю выцягнуць немагчыма. А сёньняшнія тэндэнцыі вядуць да таго, што якасьць адукацыі і яе зьмест пагаршаюцца”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG