Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Юркоў прыпыніў сяброўства ў Партыі БНФ


Удзельнік выбарчай кампаніі Андрэй Юркоў прыпыніў сваё сяброўства ў Партыі БНФ. Гэтак ён выказаў пратэст супраць выключэньня з партыі намесьніка старшыні ПБНФ Алеся Міхалевіча. Цяпер ініцыятыўная група Юркова зьбірае подпісы за яго як за беспартыйнага прэтэндэнта.

Андрэй Юркоў заяўляе, што не адновіць свайго сяброўства, пакуль ня будзе скасаваная пастанова аб выключэньні з партыі Алеся Міхалевіча:

“Я й на зьезьдзе казаў і цяпер упэўнены: што гэта такое — крычым народу: “Давайце памяняем уладу”, – а самі капіюем КПСС? Як прыйшоў адзін лідэр, так і да самай сьмерці павінен кіраваць?” Там, дзе няма рэальнай канкурэнцыі, няма барацьбы за лідэрства, дык гэта ўжо ня партыя — гэта ўжо так, слаба жывая нейкая структура. Я дужа ўдзячны Міхалевічу за тое, што ён здолеў унесьці ў гэтае балота якісьці крэатыў”.

Паводле Андрэя Юркова, кіраўніцтва партыі даўно адмежавалася ад праблемаў рэгіянальных структураў і нічога ня робіць для паляпшэньня партыйнага іміджу:

“Фактычна партыя нічога ня робіць для сваёй папулярызацыі. Нармальны чалавек для чаго ўступае ў партыю? Таму што партыя мае пэўны імідж, партыя мае пэўны рэйтынг, і ўрэшце, пры дапамозе партыі ён рэалізуе ў тым ліку і свае інтарэсы”.

18 чэрвеня рада Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ запатрабавала ад кіраўніцтва партыі тэрмінова склікаць пазачарговы зьезд і абмеркаваць на ім кадравую і палітычную сытуацыю, якая склалася ў партыі пасьля выключэньня зь яе Алеся Міхалевіча.

Заяву Андрэя Юркова гэтак пракамэнтаваў старшыня рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

“Гэтая заява цяпер прагучала голасна. У іншы момант на гэтую заяву ніхто не зьвярнуў бы ўвагі. Андрэй Юркоў — у адзіным сьпісе прэтэндэнтаў у кандыдаты. Ён ішоў па сьпісах партыі БНФ, і зараз ён становіцца беспартыйным. Ён такім чынам хацеў зьвярнуць увагу на праблемы, якія існуюць у партыі, у рэгіёнах”.

Заява Андрэя Юркова для старшыні партыі Лявона Баршчэўскага ня стала нечаканасьцю:

“Гэта ягонае права. Што я тут магу камэнтаваць? Па-мойму, ён ня першы раз выходзіць з партыі БНФ, наколькі я ведаю. Выходзіў, вяртаўся, яшчэ раз, думаю, вернецца”.

Андрэй Юркоў балятуецца па Горацкай выбарчай акрузе, якая ахоплівае Горацкі, Дрыбінскі й Мсьціслаўскі раёны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG