Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адвакат: “Сакрэтаў у справе Зэльцэра няма”


Эмануіл Зэльцэр

Эмануіл Зэльцэр

30 ліпеня ў Менскім гарадзкім судзе пачнецца працэс над амэрыканскім грамадзянінам Эмануілам Зэльцэрам і ягонай сакратаркай Уладленай Функ, якім пагражае да 7 гадоў зьняволеньня. Абаіх абвінавацілі, у прыватнасьці, у выкарыстаньні заведама фальшывых афіцыйных дакумэнтаў і ў камэрцыйным шпіянажы.

Працэс будзе закрытым, паколькі гэтая справа яшчэ ў сакавіку, на пачатку расьсьледаваньня, атрымала грыф дзяржаўнай таямніцы. Нагадаю, адваката з ЗША Эмануіла Зэльцэра арыштавалі 12 сакавіка адразу па прылёце ў Менск зь Лёндану. Абаронца Эмануіла Зэльцэра, вядомы беларускі адвакат Зьміцер Гарачка цягам болей як чатырох месяцаў кожны працоўны дзень наведваў свайго падабароннага ў ізалятары КДБ “амэрыканка”. Такія візыты тлумачыліся сярод іншага станам здароўя Эмануіла Зэльцэра, бо дайшлі зьвесткі, што Эмануіл Зэльцэр знаходзіцца ў “крытычным стане”. Найперш я спытаўся ў адваката Гарачкі, як напярэдадні суду пачуваецца Эмануіл Зэльцэр:

“Прынцыпова сытуацыя не зьмянілася. Ён пакутуе ад боляў, вельмі дрэнна ходзіць, ногі ў яго баляць”.

Карэспандэнт: “Як вы ацэньваеце ягоную гатовасьць да працэсу як абвінавачанага?”

Гарачка: “Будзем зыходзіць з таго, што ён лічыць, што ніякіх злачынстваў не рабіў. Мы падрыхтавалі шмат доказаў таго, што ён не вінаваты, хаця ён і не абавязаны прадстаўляць такія доказы”.

Карэспандэнт: “Вы таксама абараняеце Ўладлену Функ, пра якую зусім мала вядома. Што можаце пра яе паведаміць?”

Гарачка: “Гэта ягоная сакратарка. Што яшчэ сказаць? Абвінавачаньне ўвогуле абсурднае, а што да яе, дык зусім няма пра што казаць”.

Карэспандэнт: “Сярод абвінавачаньняў засталося ўсё як раней — і падрабленьне дакумэнтаў, і наркотыкі, і камэрцыйны шпіянаж?”

Гарачка: “Так, нічога не зьмянілася, і, мяркуючы па ўсім, нічога мяняць не зьбіраюцца. Не дзеля таго гэтыя абвінавачаньні выстаўляліся”.

Карэспандэнт: “Вы думаеце, журналістаў ня пусьцяць на пачатак працэсу?”

Гарачка: “Фармальна, паводле закону, прэсу і публіку мусяць пусьціць, а потым абвясьціць, што працэс закрыты, і выдаліць усіх з залі. Але, мяркую, ня дзеля таго працэс ужо абвясьцілі закрытым, каб вы іх пабачылі. А раптам яшчэ якое пытаньне задасьце...”

Карэспандэнт: “А на якой падставе працэс абвясьцілі закрытым?”

Гарачка: “Нібыта ў справе ёсьць сакрэтныя зьвесткі”.

Карэспандэнт: “Вы бачылі справу. Ці ёсьць там сакрэтныя зьвесткі?”

Гарачка: “Адкажу гэтак: лічу, што не было падставаў закрываць гэтую справу. Чаму тады яе закрылі? Мяркую, калі б на працэс пусьцілі журналістаў, ім бы хутка стала зразумела, у чым тут праблема. Дзеля гэтага зусім ня трэба быць і юрыстам”.

Зьміцер Гарачка мяркуе, што працэс над Эмануілам Зэльцэрам і ягонай сакратаркай Уладленай Функ працягнецца ня болей за тыдзень. “Справа не такая і вялікая”, — кажа адвакат.

У КДБ, дзе вялося расьсьледаваньне, гэтую справу не камэнтуюць, у тым ліку і пытаньне, зь якой мэтай адвакат ангельскага мільянэра Джозэфа Кея спадар Эмануіл Зэльцэр прыляцеў у Менск. Паводле брата арыштаванага, Марка Зэльцэра, які жыве ў Нью-Ёрку, Эмануіл Зэльцэр зьявіўся ў Менску нібыта каб разабрацца са спадчынай грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі, на якую прэтэндаваў зводны брат нябожчыка Джозэф Кей. Нібыта гаворка ішла пра акцыі нафтаперапрацоўчага заводу ў Беларусі, аднак гэтыя зьвесткі дагэтуль не пацьверджаныя. Паводле Марка Зэльцэра, ягоны брат прыляцеў у Менск на асабістым самалёце вядомага расейскага алігарха Барыса Беразоўскага. Таксама Марк Зэльцэр мяркуе, што ягонага брата арыштавалі нібыта на заказ Барыса Беразоўскага, і тлумачыць гэта асабістай зацікаўленасьцю алігарха-ўцекача. У інтэрвію газэце “Коммерсантъ” Барыс Беразоўскі такія падазрэньні рашуча абверг. Дагэтуль дакладна невядома, хто і якую ролю грае ў даволі цьмянай гісторыі арышту Эмануіла Зэльцэра ў Менску.
XS
SM
MD
LG