Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Узмацняецца ціск на ініцыятыўныя групы кандыдатаў ад АДС


Сёньня некалькі прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты ад дэмакратычных сілаў заявілі, што сабралі па тысячы подпісаў у сваю падтрымку. Разам з тым на групы па зборы подпісаў узмацняецца ціск, узьнікаюць канфлікты.

ГОМЕЛЬ

У Гомелі акруговая выбарчая камісія Цэнтральнай выбарчай акругі № 33 другі раз не зарэгістравала ініцыятыўную групу па зборы подпісаў вылучэнца АДС Пятра Кузьняцова.

Калі раней камісія спаслалася на тое, што ў сьпісе ініцыятыўнай групы не пазначана партыйнасьць і месца працы спадара Кузьняцова, то гэтым разам прычынай стала адмова двух чальцоў групы ўдзельнічаць у зборы подпісаў.

“Два чальцы ініцыятыўнай групы адмовіліся ад удзелу і напісалі адпаведныя заявы, – расказвае Пётар Кузьняцоў. – Па маіх зьвестках, на іх быў зроблены вельмі сур’ёзны ціск. Гаворка ідзе пра іх працу. Па просьбе я не магу назваць іхніх прозьвішчаў.

Я накіраваў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію, у якой зрабіў акцэнт на тое, што нават бяз двух чалавек, якія адмовіліся, у групе засталося 53 чалавекі. Гэта значна больш за неабходны мінімум. Спадзяемся, што нам удасца аднавіць справядлівасьць”.

Назіральнікі адзначаюць, што ў асяродку дэмакратычных вылучэнцаў ініцыятыўная група Пятра Кузьняцова была адной з самых моцных. Таму яе прысутнасьць і была непажаданай на выбарах у Цэнтральнай акрузе, дзе другі раз вылучаецца афіцыйны прадстаўнік улады, дзейны дэпутат парлямэнту Аляксандар Шаўко.

СМАРГОНЬ

Абараніць сябе і сваю групу ад ціску ў Смаргоні спрабуе Ірына Вештарт.
Ірына Вештарт — вылучэнка ад БСДП. Ініцыятыўную групу яна зарэгістравала ў акруговай камісіі № 59. Пасьля гэтага ёй вымазалі чорнай фарбай дзьверы, зламалі замок, пабілі шыбы ў кватэры, распаўсюдзілі ўлёткі, у якіх яна нібыта просіць фінансавай дапамогі, а таксама ад яе імя зьмясьцілі на інтым-сайце аб’яву з мабільным тэлефонам.

Спадарыня Вештарт напісала заяву ў пракуратуру, а таксама ў акруговую выбарчую камісію з тым, каб яе абаранілі ад такіх дзеяньняў. Зь яе слоў, праваахоўныя органы пакуль нічога ня кажуць пра сьледзтва, але далі ёй такую параду:

“Лепш бы ты не займалася палітыкай, а чым-небудзь іншым, бо палітыка — занадта брудная справа”.

Непрыемнасьці і ў чальцоў ініцыятыўнай групы Івана Шэгі са Слоніму. У кватэры, дзе яны сабраліся, КДБ правёў ператрус. Шукалі наркотыкі, а дапытвалі ўсіх пра выбух 3 ліпеня ў Менску. Іван Шэга ўпэўнены, што такім чынам спэцслужбы чыняць ціск як на сяброў ягонай ініцыятыўнай групы, так і на выбарцаў:

“Гэта ж недзе праточыцца да людзей, а людзі ж баяцца гэтага ўсяго. Дый на сяброў ініцыятыўнай групы гэта дзейнічае. А потым чуткі пойдуць, што іх там цягаюць у КДБ, значыцца, нешта ня тое робяць. Людзі ж па-рознаму ўспрымаюць”.

У Івана Крука, былога палітвязьня з Астраўца, у першыя дні збору подпісаў 5 чальцоў ініцыятыўнай групы прыпынілі сваю дзейнасьць.

“Але й часы насталі, я папросту ўражаны. Па пяць разоў ужо езьдзіў то ў Іўе, то ў Ашмяны, размаўляў зь людзьмі. Адзін дзень пайшлі, а на заўтра ўжо адмаўляюцца, іх запалохалі. Я ўдзельнічаю ўва ўсіх кампаніях, пачынаючы з 1995 году, але такога яшчэ не было”.

ЛУНІНЕЦ

Сёньня — роўна тыдзень, як прэтэндэнт у дэпутаты па Лунінецкай выбарчай акрузе № 13 Віталь Каратыш служыць у войску. Актывіста руху “За свабоду” забралі служыць, калі ўжо была зарэгістраваная яго ініцыятыўная група для збору подпісаў. Цяпер каардынуе яе працу родны брат Віталя — Іван Каратыш. І вось што ён паведаміў сёньня “Свабодзе”:

“Мы ўжо заканчваем зьбіраць подпісы. Будзе іх больш за адну тысячу, нават з запасам. Далей узьнікае цікавая сытуацыя. Без прысутнасьці Віталя, напэўна, нельга правесьці рэгістрацыю. Бо патрэбны яго пашпарт і ўласнаручны подпіс”.

Патлумачыць сытуацыю ў Лунінцы “Свабода” папрасіла прафэсійнага юрыста, сакратара ўправы Партыі БНФ Уладзімера Лабковіча. Спэцыяліст не адмаўляе, што вайсковыя камандзіры сапраўды могуць перашкодзіць Віталю Каратышу асабіста перадаць дакумэнты ў акруговую камісію. Але на такі выпадак у апазыцыі ёсьць прэцэдэнт, кажа юрыст Лабковіч:

“Гэтак атрымлівалася ў Зянона Пазьняка ў 2001 годзе, калі паводле натарыяльнай даверанасьці ён перадаў іншай асобе дакумэнты аб вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Цяпер я асабіста размаўляў з прадстаўнікамі арганізацыйна-прававога аддзелу ЦВК. Яны пацьвердзілі, што менавіта такая схема можа быць выкарыстана”.

Гэта — юрыдычны бок. Але, як мяркуе Ўладзімер Лабковіч, прызыў Каратыша на службу ў войска выкліканы перадусім палітычнымі прычынамі:

“Вядома, я лічу, што праведзена спэцыяльная апэрацыя, каб вывесьці аднаго з наймацнейшых у рэгіёне прэтэндэнтаў з далейшага ўдзелу ў выбарах. Дзеля гэтага ўсё раптоўна было зроблена”.
XS
SM
MD
LG