Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Рыбчанка: “Акруговая камісія складаецца зь людзей улады”


Прадпрымальніка Анатоля Папова не ўключылі ў склад Жлобінскай акруговай выбарчай камісіі № 40.

Жыхар Жлобіну, былы супрацоўнік МУС, а цяпер прадпрымальнік Анатоль Папоў накіраваў заяву ў Гомельскі аблвыканкам з просьбай патлумачыць, чаму яго не ўключылі ў Жлобінскую акруговую выбарчую камісію № 40.

За спадара Папова падпісаліся каля 370 выбарцаў. Аднак на сумесным паседжаньні Гомельскага аблвыканкаму й прэзыдыюму аблсавету Анатоль Папоў ня быў уключаны ў камісію.

“У выніку, — адзначае кіраўнік Жлобінскай раённай арганізацыі ПКБ Валер Рыбчанка, — акруговая камісія складаецца зь людзей, якіх падабрала ўлада”.

Спадар Папоў хацеў прысутнічаць на сумесным паседжаньні аблвыканкаму й прэзыдыюму аблсавету, калі ўтвараліся акруговыя камісіі. Але паведамленьне з аблвыканкаму пра дату паседжаньня Папоў атрымаў 15 ліпеня — на другі дзень пасьля таго, як камісіі былі сфармаваныя. Пра гэта сьведчыць паштовы штэмпэль на капэрце. Таму вылучэнец выбарцаў і патрабуе тлумачэньняў.

Ліст з аналягічным запытам, толькі не ў аблвыканкам, а ў прэзыдыюм Гомельскага абласнога Савету дэпутатаў накіравала жыхарка Рэчыцы, сябра Партыі БНФ Алена Агафонава.

У склад Рэчыцкай акруговай выбарчай камісіі № 44 яе вылучыла рада (кіраўнічы орган) Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ.

Спадарыня Агафонава таксама жадае высьветліць, чаму яна не патрапіла ў акруговую камісію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG