Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка паўтарае экспэрымэнт Сталіна"


Экс-рэктар БДУ, палітвязень Аляксандар Казулін з турмы сочыць за падзеямі ў беларускай вышэйшай школе і робіць свае высновы.

У часе свайго тэлезвароту да выбарцаў у лютым 2006 году кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін рэзка крытыкаваў рэформы, распачатыя Міністэрствам адукацыі з падачы кіраўніцтва краіны. Сярод іншага шматгадовы кіраўнік БДУ казаў, што колішні флягман вышэйшай школы ператвараецца ў камэрцыйную ўстанову, дзе атрымаць адукацыю можна толькі за грошы. Заганны прыклад падхопліваюць і іншыя ВНУ краіны.

Вольга Казуліна, старэйшая дачка асуджанага палітыка, на просьбу Радыё Свабода перадала некаторыя тэзісы колішняга рэктара БДУ адносна рэформаў у сыстэме вышэйшай адукацыі.

Аляксандар Казулін: "Лукашэнка ў дакладнасьці паўтарае сацыяльны экспэрымэнт Сталіна, які ў сярэдзіне 1930-х увёў плату за атрыманьне завершанай сярэдняй адукацыі. То бок закрыў шлях у вышэйшыя навучальныя ўстановы для бальшыні маладых людзей. Краіне, якая перайшла на рэйкі індустрыялізацыі, былі патрэбныя фрэзэроўшчыкі і сьлесары, а не паэты і гісторыкі. У наш час таксама застаецца далікатная спэцыфіка гэтага пытаньня – Лукашэнка спрабуе перашкодзіць моладзі атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Эўропе, дзе маладыя людзі самі могуць пераканацца, чаго вартая хлусьлівая прапаганда рэжыму. Дзеля гэтага была скарочаная 12-гадовая сыстэма сярэдняй адукацыі да 11-гадовай".

Спадар Казулін б'е трывогу адносна таго, што імкліва камэрцыялізуецца сыстэма адукацыі, а так званая бюджэтная форма ператвараецца ў пэрспэктыву абавязковай адпрацоўкі ў забруджаных радыяцый зонах:

"Гэта супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе права на бясплатную адукацыю. Колькасьць бюджэтных месцаў імкліва скарачаецца, але насамрэч і яны не зьяўляюцца бясплатнымі, паколькі выпускнікоў ВНУ прымушаюць па некалькі гадоў адпрацоўваць ва ўмовах экалягічна забруджаных раёнаў. Асабліва гэта тычыцца разьмеркаваньня ў Брагінскі і Хойніцкі раёны маладых пэдагогаў і мэдыкаў".

Аляксандар Казулін крытычна паставіўся да пазыцыі, выказанай міністрам адукацыі Аляксандрам Радзьковым – маўляў, Беларусь не сьпяшаецца ўваходзіць у Балёнскі працэс, захаваўшы схільнасьць традыцыям савецкай агульнаадукацыйнай школы:

"У 1999 годзе БДУ выйшаў з нацыянальнай ініцыятывай распрацоўкі праграмы далучэньня да Дэклярацыі, падпісанай у Балёньні міністрамі адукацыі краінаў Эўропы. Дзеля дасягненьня адзіных эўрапейскіх стандартаў вышэйшай адукацыі было неабходна патрыхтаваць новыя праграмы і мэтодыкі навучаньня. Нам запатрабаваліся неймаверныя намаганьні для прыняцьця Саветам міністраў пастановы аб правядзеньні з 2000 году ў БДУ прагрэсіўнага экспэрымэнту. Перакананы, што ўжо да 2007 году мы далучыліся б да Балёнскай канвэнцыі. А з-за сёньняшніх гора-кіраўнікоў страчана столькі часу і сродкаў! І цяпер, калі Расея прыняла падобнае рашэньне аб адаптацыі сваёй сыстэмы вышэйшай адукацыі да эўрапейскай, няхай Радзькоў і Стражаў кусаюць сабе локці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG