Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 ліпеня пачнецца разгляд крымінальнай справы супраць грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра. Працэс пройдзе за зачыненымі дзьвярыма ў Менскім гарадзкім судзе.


Амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра абвінавачваюць у падрабленьні дакумэнтаў, кантрабандзе псыхатропных рэчываў, незаконным абароце наркотыкаў і камэрцыйным шпіянажы. Максымальнае пакараньне за гэтыя злачынствы — да 7 гадоў зьняволеньня.

Э.Зэльцэр вінаватым сябе не прызнае і кажа, што ягоная справа “цалкам сфальшаваная”. Неўзабаве пасьля арышту справу Э.Зэльцэра прызналі сакрэтнай. Гэтым суд цяпер тлумачыць закрытасьць будучага працэсу.

Эмануіл Зэльцэр неаднаразова скардзіўся на дрэнны стан здароўя і адсутнасьць патрэбнай мэдычнай дапамогі. Агледзеўшы яго, незалежны доктар з ЗША ня выключыў лятальнага зыходу, “калі Э. Зэльцэру ня будуць даваць патрэбныя лекі”.

Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр прыляцеў у Менск нібыта для вырашэньня праблем спадчыны, якая засталася па грузінскім алігарху Бадры Патаркацышвілі.

Разам з Эмануілам Зэльцэрам будуць судзіць ягоную сакратарку Ўладлену Функ. Жанчыну арыштавалі таксама 12 сакавіка і з таго часу трымаюць у сьледчай турме КДБ — “амэрыканцы”, як і Э. Зэльцэра.
XS
SM
MD
LG