Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка прапанаваў не адпускаць зь вёскі адмыслоўцаў, якія закончылі сельскагаспадарчыя ВНУ.

Наколькі такі намер адпаведны міжнароднаму праву і беларускаму заканадаўству? Чаму людзі па-ранейшаму бягуць зь вёскі? Ці могуць адміністрацыйныя мэтады выратаваць сельскую гаспадарку? На гэтыя ды ішыя пытаньні адказваюць старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, былы намесьнік старшыні Менаблвыканкаму па сельскай гаспадарцы Аляксандар Ярашук і эканаміст Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: “Аляксандар Лукашэнка 25 ліпеня заявіў, што дзяржава мусіць прыняць дадатковыя захады дзеля замацаваньня кадраў на сяле. “Паступіў у ВНУ – ведаў, куды ішоў. І проста адпрацаваць і кудысьці пайсьці ня будзе дазволена. Мы гэта юрыдычна замацуем”, – заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы. Наколькі такія намеры стасуюцца і з правамі чалавека, і зь беларускай Канстытуцыяй і заканадаўствам?

"Лукашэнка будзе губляць свой электарат і палітычны рэйтынг"

Ярашук: “Тут ня трэба вялікага юрыдычнага аналізу, каб заявіць, што такі намер ні ў якой ступені не стасуецца ні зь міжнароднымі нормамі, ні з Канстытуцыяй краіны. Гэта цынічнае парушэньне ўсялякіх нормаў што да правоў спэцыялістаў у сельскай гаспадарцы. Тут цалкам усё відавочна”.

Цыганкоў: “А калі, напрыклад, нейкі з спэцыялістаў падасьць у суд на такое рашэньне – ці здолее ён яго выйграць?”

Ярашук: “Відаць, будзе нейкі заканадаўчы акт – закон ці ўказ на гэты конт. І калі нават уявіць, што Канстытуцыйны суд зоймецца гэтай справай (бо вы ведаеце, што ён не разглядае скаргі грамадзян), то ён будзе спасылацца на гэты заканадаўчы акт, што будзе прыняты. Таму, на маю думку, знайсьці тут справядлівасьць у гэтага спэцыяліста няма ніякіх шанцаў”.

Злотнікаў: “Гэтая ідэя зусім не адпавядае духу часу. Уздыму сельскай гаспадаркі гэта не дапаможа. Гэта тэхналёгія сталінскіх часоў, калі спэцыялісты былі прывязаныя да калгасаў. Зараз патрэбныя людзі, якія будуць працаваць не паводле прымусу. Толькі калі будзе гаспадар, тады будзе іншая эфэктыўнасьць сельскай гаспадаркі. Зараз у Беларусі ў гэтай галіне занятыя 12-14 працэнтаў насельніцтва, а пасьля рэформаў там будзе, як у разьвітых краінах – 3-4 працэнты, і не спатрэбіцца такая колькасьць працаўнікоў і абслугі гэтай сфэры.

Так што гэты плянаваны прэзыдэнтам захад – прымусовая праца – несумяшчальны з новымі тэхналёгіямі, з духам гаспадара. Гэта ніяк ня будзе садзейнічаць уздыму нашай сельскай гаспадаркі”.

Цыганкоў: “Калі напрыклад, ідзе размова, што ў Беларусі не хапае будаўнікоў, то міністры і чыноўнікі кажуць, што трэба павышаць аплату будаўнікам, каб яны не зьяжджалі ў іншыя краіны. Калі ж ідзе размова пра сельскую гаспадарку, то ўзьнікаюць зусім іншыя ідэі. Чым менавіта гэтыя людзі правініліся?”

Злотнікаў: “Па-першае, у нас ня хопіць проста грошай, каб усім дадаваць заробкі. Даходы нашага насельніцтва амаль ва ўсіх сфэрах ніжэйшыя чым у суседніх краінах.

Вядома, з майго пункту гледжаньня самае простае было б проста падняць гэтым вясковым спэцыялістам заробак у два разы вышэй, чым у горадзе. Можа, штосьці падобнае і будзе зроблена. Бо прапанаваны захад настолькі не стыкуецца з духам часу, настолькі Лукашэнка будзе губляць свой электарат і палітычны рэйтынг, кадры, што можна чакаць, што такі крок ня будзе зроблены”.

Цыганкоў: “Чаму людзі па-ранейшаму бягуць зь сяла? Туды ж цяпер кідаюцца вялікія сродкі паводле праграмы адраджэньня сяла, будуюцца аграгарадкі. Нібыта мэта ў тым, каб жыцьцё на сяле набліжалася паводле сваёй якасьці да гарадзкога. Але ўцёкі працягваюцца. Чаму?”

“Вёска – гэта напалову прыгоннае права, напалову фэадальны лад, напалову трацкізм”

Ярашук: “Ёсьць форма, і ёсьць зьмест. У форме нешта мяняецца, але што да зьместу, то ён застаўся калгасным. Гэта напалову прыгоннае права, напалову фэадальны лад, напалову трацкізм. Які дарослы чалавек захоча захоча заставацца на вёсцы ў якасьці раба ці прыгоннага? Людзі чуюць, што на вёсцы няма аніякай пэрспэктывы, умоваў сябе рэалізаваць.

І гэта будзе доўжыцца да той пары, калі ўрэшце ў сяло ня прыйдзе прызнаньня прыватнай уласнасьці, у тым ліку на зямлю. Будзе прыватная ўласнасьць – не патрэбныя будуць тыя пагрозы, што “паспрабуйце не сабраць апошняе зерне” і гэтак далей.

Гэтыя меркаваныя захады Лукашэнкі могуць прывесьці толькі да канчатковай дэградацыі сяла. Калі ж справа дойдзе да рэалізацыі гэтай ідэі, то жаданьне выпусьнікоў сельскіх школаў ісьці ў сельскагаспадарчыя ВНУ яшчэ больш паменшыцца. Бо ніхто не пажадае рызыкаваць лёсам, заставацца працаваць у сельскай гаспадарцы”.

Цыганкоў: “Мы ўжо ведаем прыклады, калі многія выдатныя выпускнікі школаў наўмысна паступаюць на платнае навучаньне ў ВНУ, каб ня быць прывязанымі да разьмеркаваньня”.

Ярашук: “Так, і адно з наступстваў, якое можа спрагназаваць – тое, што моладзь будзе пазьбягаць зьвязваць сябе зь сялом”.

Цыганкоў: “Акрамя стратных калгасаў, у Беларусі ёсьць і пасьпяховыя прыватныя гаспадаркі, нават пад кіраўніцтвам замежнікаў. Там, напэўна, мэдыкі і агратэхнікі з задавальненьнем працуюць, не жадаючы нікуды ўцякаць. Чаму б дзяржаве на распаўсюджваць гэта “перадавы досьвед” на ўсіх?”

Ярашук: “Я добра ведаю такія прадпрыемствы, і хачу сказаць, што яны толькі ўмоўна самастойныя. Яны прымаюць правілы гульні, ня вельмі змагаюцца за самастойнасьць, тым больш што ім асабліва не даюць такую магчымасьць. Яны проста прыстасаваліся да той сытуацыі, у якой знаходзяцца.

Калі ж імкнуцца да пераўтварэньняў на сяле, то трэба ісьці на рашучыя рэформы, найперш на прызнаньне прыватнай уласнасьці на зямлю. Толькі такім чынам мы можам вярнуць гаспадара, тады паступова і будзе рашацца праблема кадраў на сяле”.

“Хто будзе трымацца ў вёсцы, калі заробкі там па 100-200 тысяч у месяц?”

Злотнікаў: “Я спашлюся на артыкул былога міністра сельскай гаспадаркі Русака ў газэце “Белорусская нива”, які пісаў, што звыш паловы гаспадарак маюць вельмі нізкія сярэднія заробкі. Хто там будзе трымацца, калі заробкі там па 100-200 тысяч у месяц?”

Цыганкоў: “Цяпер шмат гавораць пра аўтарытарную мадэрнізацыю, пра хвалю прыватызацыі. У нейкіх іншых галінах ідуць пэўныя эканамічныя зьмены – калі не называць гэта рэформамі. Чаму менавіта сельская гаспадарка ёсьць тут выключэньнем?”

Злотнікаў: “А дзе ідуць рэформы? Пакуль гэта толькі на словах, істотных зьменаў няма. Па-другое, у сельскай гаспадарцы ёсьць вялікая праслойка бюракратаў, якая жыве тым, што кіруе галіной. Па-трэцяе, існуюць ідэалягічныя падыходы кіраўніцтва краіны, каб захоўваць існуючы стан рэчаў у сельскай гаспадарцы. Калісьці Лукашэнка сказаў, што сяло – гэта ягонае палітычнае апірышча”.

Цыганкоў: “Ён нават казаў, што захаваць калгасы – гэта задача не эканамічная, а палітычная...”

Злотнікаў: “Так, мяркую, ён і цяпер думае гэтаксама”.

Ярашук: “Лукашэнка гэта сказаў ў сакавіку 1998 году ў Гародні, дзе праходзіла адно зь першых мерапрыемстваў у праблемах аграрнай палітыкі. Я потым узяў слова і сказаў, што такая палітыка прывядзе да катастрофы – пад авацыі, дарэчы, паўтары тысячы чалавек.

Чаму менавіта сельская гаспадарка абраная? Бо гэта абсалютна палітычны і ідэалягічны выбар. Бо гэта ня проста сфэра эканомікі. Можа быць неідэалягічнай прамысловасьць, але ў аграрных пытаньнях на ўсе сто працэнтаў прысутнічае ідэалёгія”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG