Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 28 ліпеня, чацьвер.

Вітаю актыўных слухачоў Радыё Свабода. Яны працягваюць абмяркоўваць візыт прэзыдэнта Вэнэсуэлы ў Беларусь:

“У час знаходжаньня ў нашай краіне прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса ў яго адрас прагучалі словы ўдзячнасьці, што ніводзін дзяржаўны дзеяч, ніводзін прэзыдэнт іншай краіны не зрабіў столькі для Беларусі, як Уга Чавэс. Хацелася б пачуць, што ён такога значнага зрабіў для нашай краіны і як гэта выглядае ў параўнаньні зь Нямеччынай, Расеяй, Польшчай, Украінай ды іншымі краінамі. Ільля Копыл”.

На пытаньне Ільлі Копыла адказвае палітоляг Віталь Сіліцкі:

“Некаторыя рэчы проста робяцца зь ветлівасьці. Ня блытайце PR з рэчаіснасьцю. Пэўна, Уга Чавэсу хочуць усунуць яшчэ прадукцыю беларускай машынабудаўнічай прамысловасьці. Ну, а за гэта можна і не такія фразачкі казаць! Такая рыторыка мала каштуе. Уга Чавэс асабліва нікому не дапамагае. Зь Беларусьсю ён спрабуе гандляваць. Праўда, няшмат яшчэ атрымліваецца. Гэта па-першае. Па-другое, калі тое, што сказалі нашы беларускія ўлады — праўда, то мы мала што ведаем пра беларуска-вэнэсуэльскія адносіны. Паводле статыстыкі так не выходзіць, калі паглядзець на гандаль з Расеяй, з Эўропай. Значыць, штосьці знаходзіцца пад вадой, чаго мы ня ведаем. Скандалы з гандлем зброяй пра гэта сьведчаць. Па-трэцяе: хто ёсьць Беларусь? Беларускія ўлады альбо беларускія людзі? Беларускім уладам ён можа зрабіць шмат, сапраўды...”

Ёсьць тэлефанаваньні, у якіх слухачы выказваюць свае меркаваньні пра выбарчую кампанію ў парлямэнт, што набірае сілу ў Беларусі:

Спадар Фёдар Дашкевіч, вёска Ліпень, Асіповіцкі раён: “Нядаўна мы зноў пачулі ад улады формулу “так званая апазыцыя”. Гэтым разам формулу агучыла старшыня Цэнтравыбаркаму Ярмошына. Але давайце згадаем: нават па афіцыйнай статыстыцы 20% выбаршчыкаў цяперашнюю ўладу не падтрымліваюць. Значыць, вось яна ёсьць — рэальная апазыцыя. У рэшце рэшт, формулу можна ўжыць і ў дачыненьні да самой спадарыні Ярмошынай — гэткім, напрыклад, чынам: “старшыня так званай Цэнтральнай выбарчай камісіі”.

Пасьля выходных нашы слухачы выказваюць свае ўражаньні ад прагляду аналітычных праграм Беларускага тэлебачаньня:

“Паслухаў беларускае тэлебачаньне, Лукашэнку ў прыватнасьці, і здалося, што ён так занепакоены тым, што нехта ў сьвеце галадае… Цяпер вядзецца гаворка пра рэгістар усяго насельніцтва, але ж на яго павінны затраціць 20 млн. даляраў. У той жа час, як вядома, рыхтуецца і перапіс насельніцтва. Гэта таксама, напэўна, немалыя сродкі. Дык што, будзе існаваць паралельна і рэгістар гэты, і яшчэ кожныя 5—10 гадоў праводзіць перапіс?”

Выказваньне слухача камэнтуе эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

“Ніякага рэгістру ня будзе. Проста лета, сур’ёзных падзеяў не адбываецца, а трэба нечым прыцягваць увагу, забіваць дзяржаўны эфір. Таму Лукашэнка робіць такія дзіўныя заявы — то наконт голаду ў сьвеце, то што трэба ўсіх перапісваць. Я думаю, усё будзе грунтавацца на перапісе насельніцтва кожныя 10 гадоў. Меркаваць, што будзе нейкі рэгістар, няма падставаў. Гэтая ідэя забудзецца, калі пачнуцца выбары. Проста лета, і трэба неяк прыцягваць увагу. Разумных ідэяў няма, бо разумных рэчаў урад ня кажа. Таму і прыцягваюць увагу то да рэгістраў, то да прыватызацыі нібыта”.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Тэлефон у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: плюс 375 29 391-22-24.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG