Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На мінулым тыдні сярэднія школы атрымалі новыя навучальныя пляны.

Зараз кіраўніцтва бальшыні школ падлічвае колькасьць гадзінаў, разьмяркоўвае нагрузкі. Ці будуць масавыя скарачэньні настаўнікаў?

І ў настаўнікаў, і ў чыноўнікаў Міністэрства адукацыі — разгар адпачынкаў. Але жарсьці вакол школьнай рэформы працягваюцца — з-за скасаваньня некаторых школьных дысцыплін, скарачэньня колькасьці гадзінаў на вывучэньне прадметаў і пераходу з 12-годкі на 11-годку. Начальнік упраўленьня сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі ў адпачынку, а ягоная намесьніца аказалася нешматслоўнай:

“Я не магу камэнтаваць, пакуль мне ня дасьць дазвол кіраўніцтва. Спадар Фарына дасьць дабро, тады я змагу нешта сказаць. Усе камэнтары толькі зь ягонага дазволу. Зразумейце, я чалавек дзяржаўны”.

Настаўніца геаграфіі зь Менску, якая працуе ў школе з эканамічным ухілам, пацьвердзіла, што новыя навучальныя праграмы і пляны яе школа атрымала, але пераказала занепакоенасьць сваіх калег:

“І зараз каб мы карціну бачылі — яснасьці да канца няма. Зараз у нас ня будзе ні матэматычных, ні фізычных, ніякіх іншых клясаў. Па геаграфіі, да прыкладу, у кожнай паралелі было дзьве гадзіны на тыдзень. Зараз будзе адна гадзіна. Адзін настаўнік аказваецца лішнім. Сьпеваў ня будзе — настаўнік не патрэбны. Мастацкую культуру прыбралі, прадмет “Чалавек, грамадзтва, дзяржава” таксама прыбралі, па профільных — матэматыцы і ангельскай мове — таксама настаўнікаў скарачаюць. Па нашай школе толькі каля 20 чалавек”.

Дырэктар былой спэцыялізаванай, а цяпер звычайнай сярэдняй школы № 19 у Менску Георгі Ляховіч паведаміў, што кіраўніцтва ўжо ўсё пралічыла:

“Скарачэньня настаўнікаў у нашай школе ня будзе. У нас была школа з матэматычным ухілам. Зараз гэты ўхіл ужо адмяняецца. Клясы з паглыбленым вывучэньнем матэматыкі стануць звычайнымі клясамі. Але што станоўчае: дадаецца шмат гадзін на школьны кампанэнт. Гэта факультатывы. Ёсьць зацікаўленыя, здольныя дзеці — настаўнік можа займацца зь пяцьцю дзецьмі вельмі шпаркімі тэмпамі. Ня так, як раней: кляса — 25 чалавек. Зараз ёсьць 5 чалавек, заявы ад бацькоў ёсьць — і мы адкрываем гэтую групу. Калі мы ўсё пралічылі, то пытаньняў і скарачэньняў у нас няма”.

Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка перакананы:

“Скарачэньні будуць, прычым скарачэньні значныя. Яны тычацца ня толькі беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, колькасьць гадзін на якія скарачаецца, а таксама ўсясьветнай і айчыннай мастацкай культуры — такога прадмету наагул ня будзе. Скарачэньні тычацца ледзь ня ўсіх спэцыяльнасьцяў — розныя профілі са школ выкідаюцца, замежныя мовы, фізыка, матэматыка. Паўсюль будуць значныя скарачэньні”.
XS
SM
MD
LG