Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Які клопат КДБ да адпяваньня нябожчыкаў?”


Сябры незарэгістраванай праваслаўнай грамады ў Ружанах накіравалі адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку.

У ім яны просяць зарэгістраваць іх суполку і скардзяцца на ціск з боку мясцовага КДБ.

Праваслаўныя з Ружан, чые подпісы стаяць пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі, тлумачаць, што гэта менавіта адкрыты ліст, тэкст якога яны зьбіраюцца надрукаваць у мэдыях, бо папярэднія заявы і скаргі не дапамагалі. Гаворыць Вольга Гайдук, якая таксама падпісалася пад зваротам:

“Мы прасілі, каб нам зарэгістравалі нашу грамаду. Як паводле закону, паводле Канстытуцыі. Мы будзем плаціць падатак, абярэм сьвятара, будзем маліцца. Але яны гэтага ня робяць, быццам і ні за, і ні супраць. Мы пісалі і ў райцэнтар у Пружанах, у вобласьць, у Адміністрацыю прэзыдэнта. Адтуль нават не адказалі”.

Падставай для чарговага ліста стаў інцыдэнт, які здарыўся на ружанскіх могілках 23 ліпеня. Там айцец Іаан адпеў верніцу, якая завяшчала, каб на яе пахаваньні не было мясцовага сьвятара з Расейскай праваслаўнай царквы, на якога частка вернікаў, у тым ліку нябожчыца, былі моцна пакрыўджаныя. Між тым айца Іаана калегі з гэтай царквы лічаць несапраўдным сьвятаром, бо ён належыць да Расейскай замежнай праваслаўнай царквы. Паводле сваякоў нябожчыцы, на могілках старшыня мясцовага сельсавету Леанід Маскалевіч забараніў карыстацца паслугамі айца Іаана. Распавядае айцец Іаан Грудніцкі:

“Чыноўнік паказаў сваякам нябожчыцы прадпісаньне за подпісам начальніка КДБ Пружанскага раёну, што забараняецца адпяваньне нябожчыцы протаярэем Іаанам Грудніцкім. Але сваякі абурыліся. Спыталіся, які клопат КДБ да адпяваньня нябожчыкаў і ўвогуле да царквы? Чыноўнік паціснуў плячыма і сказаў, што гэта не яго ініцыятыва”.

Я дазваніўся да старшыні сельсавету і спытаўся пра ягоную думку адносна інцыдэнту. Леанід Маскалевіч абверг зьвесткі, што да падзеяў на могілках мае дачыненьне КДБ:

“Мне далі загад з райвыканкаму засьведчыць, што гэта ладзілася. Мы склалі акт. Грудніцкі падпісаў. Я перадаў яго ў райвыканкам, і ўсё”.

Мне спадар Маскалевіч заявіў, што вернікі маюць права запрашаць дзеля царкоўных службаў каго заўгодна. Старшыня сельсавету сказаў, што ня ведае, ці скончыцца складзены зь ягонай дапамогай акт штрафам ці іншым пакараньнем сьвятара.

Даведацца меркаваньне прадстаўнікоў Пружанскай управы КДБ не ўдалося.

Праваслаўная суполка ў Ружанах раскалолася некалькі гадоў таму. Частка вернікаў абурылася дзеяньнямі сьвятара, якога прыслалі зь Менску. У прыватнасьці, старыя вернікі кажуць, што маладыя прадстаўнікі царквы “надта ж заняліся камэрцыяй”. “Айцец Іаан за адпяваньне не бярэ грошай, а тыя бяруць па сто тысяч”, — сказала мне Вольга Гайдук.

Таксама вернікі перакананыя, што менавіта мясцовы КДБ прычыніўся да ціску на іхнюю суполку, і таму ў сваім адкрытым лісьце да Аляксандра Лукашэнкі яны прысьвячаюць адмысловую ўвагу працы спэцслужбаў.

“Няўжо КДБ РБ няма чым займацца, як вырашаць праблемы адпяваньня памерлых грамадзян? Наколькі нам вядома, усе спэцслужбы ўтрымліваюць за наш кошт, падаткаплатнікаў. Можа, варта правесьці скарачэньне штатаў у КДБ?” — пішуць Аляксандру Лукашэнку праваслаўныя вернікі з Ружан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG