Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бабруйскі раённы суд пакараў палітыка Алеся Чыгіра 10 суткамі арышту й штрафам у памеры 60 базавых велічыняў — гэта два мільёны сто тысяч рублёў.

Судзьдзя Бабруйскага раённага суду Аляксей Клімаў прызнаў палітыка вінаватым ва ўчыненьні дробнага хуліганства, непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі й пашкоджаньні транспартнага сродку — таксоўкі.

Празь пяць дзён прысуд уступіць у сілу. За гэты час у Алеся Чыгіра будзе магчымасьць абскардзіць пастанову ў Магілёўскім абласным судзе.

Алесь Чыгір вінаватым сябе не прызнае й зазначае, што прысуд палітычна матываваны.

“Ён разьлічаны на тое, каб я спыніў сваю выбарчую кампанію, але я таго не зраблю. Найбліжэйшымі днямі я абскарджу пастанову бабруйскага суду”, — зазначыў “Свабодзе” Алесь Чыгір.

“Сёньня ўжо стала зразумела, што гэта палітычна матываваная справа. Арышт падчас менавіта вылучэньня кандыдатам у дэпутаты, падчас менавіта збору подпісаў — гэта па-першае. Па другое, гэта вельмі вялікі штраф, каля адной тысячы даляраў. Для мяне й маёй сям’і гэта сапраўдны ўдар. Тым больш што ў мяне трое непаўналетніх дзяцей, жонка беспрацоўная. Гэта зроблена, каб мяне выбіць з жыцьця на працяглы час”.

Першапачаткова Алесю Чыгіру інкрымінавалі дробнае хуліганства й непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі. Сёньня ж судзьдзя Аляксей Клімаў заявіў, што палітык абвінавачваецца і ў пашкоджаньні транспартнага сродку — таксоўкі. Таксіст Сяргей Касіловіч, які даў нагоду для судовага перасьледу палітыка, нібыта прад’явіў дакумэнты, якія пацьвярджаюць факт пашкоджаньня ягонай машыны.

Алеся Чыгіра затрымалі позна ўвечары 29 траўня, калі ён зь сям’ёй вяртаўся ад сваякоў дадому таксоўкай. Пасьля таго, як з таксістам разьлічыліся, Алесь папрасіў у яго чэк на аплату; той адразу пачаў канфліктаваць. Калі жонка Чыгіра з дачкой выйшлі з машыны, таксіст адразу ж паехаў, ня даўшы выйсьці самому Алесю. Кіроўца спыніўся толькі каля міліцэйскага патруля, які даставіў палітыка ў пастарунак. У пастарунку, паводле спадара Чыгіра, яго моцна зьбілі.

Алесь Чыгір да суду ўжо пабыў у зьняволеньні 12 гадзінаў. 30 траўня на першым судовым паседжаньні судзьдзя Натальля Чарапуха пастанавіла справу супраць палітыка адправіць на дасьледаваньне, а самога яго вызваліць з-пад варты.

Алесь Чыгір трынаццаць гадоў настаўнічаў у бабруйскай сярэдняй школе № 8. У 2006 годзе яго звольнілі, не падоўжыўшы кантракту. На знак пратэсту ён прыкуў сябе да агароджы перад будынкам Бабруйскага гарвыканкаму. За гэтую акцыю пратэсту яго пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Ад 2003 да 2007 году Алесь Чыгір быў дэпутатам Бабруйскага гарсавету. Ён жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG