Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Простыя грамадзяне змогуць удзельнічаць у прыватызацыі"


Камэнтуючы пляны ўраду Беларусі, прадстаўніка Фонду дзяржмаёмасьці Дзяржаўнага камітэту ў справах маёмасьці Ірына Баркоўская заявіла, што рашэньні пра продаж пакетаў акцыяў будуць прымацца індывідуальна па кожным аб’екце, паведамляе БелаПАН.


“Хоць мы і абвясьцілі масавую прыватызацыю, падыход да яе ажыцьцяўленьня будзе індывідуальны. Мы будзем глядзець, наколькі гэта значнае для нас прадпрыемства і якая зацікаўленасьць у ім інвэстараў”, — заявіла чыноўніца.

“Для адных прадпрыемстваў на першым этапе мы прыцягнем інвэстараў, для іншых — створым ААТ, дзе 100% акцыяў будзе належаць дзяржаве, і толькі тады будзем прадаваць іх”.

Паводле словаў спадарыні Баркоўскай, на першым этапе інвэстарам, магчыма, будзе прапанаваны пакет акцыяў да 25% статутнага фонду. “Такія пакеты ўжо цікавяць інвэстараў, гэта дае ім рэальную ўладу ў створаным таварыстве. На пэўны пэрыяд можна захаваць уплыў дзяржавы (75% + 1 акцыя), каб мець упэўненасьць у добрасумленнасьці інвэстара працаваць на беларускую эканоміку”.

Прадстаўніца Фонду дзяржмаёмасьці кажа, што канчатковае рашэньне пра продаж прадпрыемстваў будзе прымаць “галоўны орган прыватызацыі — Дзяржаўны камітэт у справах маёмасьці, а па асобных прадпрыемствах — прэзыдэнт”.

“Не сакрэт, што беларускімі прадпрыемствамі цікавяцца расейскія кампаніі, — кажа чыноўніца. — “У сувязі з гэтым у некаторых нашых дырэктараў заводаў ёсьць перасьцярогі, што расейскі капітал прыйдзе і ўсё скупіць. Але мы гэтага дапускаць ня будзем”.

Ірына Баркоўская таксама запэўніла, што “простыя грамадзяне атрымаюць магчымасьць удзельнічаць у прыватызацыі, але гэты працэс будзе расьцягнуты ў часе”.

Яна кажа, што да канца 2008 году павінны быць створаныя заплянаваныя ААТ, пасьля абвешчаны ільготны продаж акцыяў для сяброў працоўных калектываў гэтых прадпрыемстваў, які працягнецца восем месяцаў пасьля рэгістрацыі ААТ, і толькі потым можна будзе прадаваць акцыі праз АСБ “Беларусбанк”. “Тады кожны грамадзянін Беларусі за чэкі “Маёмасьць” ці за грошы зможа набыць акцыі”, — паведаміла І.Баркоўская

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG