Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Буш падтрымаў беларускіх палітвязьняў


Навіны з жыцьця беларускіх палітвязьняў.

24-га ліпеня падчас афіцыйнага выступу ў Вашынгтоне прэзыдэнт ЗША Джордж Буш згадаў пра беларускага палітвязьня Аляксандра Казуліна. “Аляксандар Казулін застаецца ў турме за “злачынства”, якім зьяўляецца вылучэньне ўласнай кандыдатуры на пасаду прэзыдэнта”, – сказаў прэзыдэнт ЗША.

Гэтымі днямі у ЗША з візытам знаходзілася дачка палітвязьня Вольга Казуліна, якая прадстаўляе грамадзкую камісію “Свабоду Казуліну”. Вольга Казуліна ўхваліла ўвядзеньне ЗША эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму. Паводле Вольгі Казулінай, “толькі з-за эканамічных санкцый Лукашэнка пачне мяняць сытуацыю ў краіне”. У прыватнасьці, актывістка выказала спадзяваньне, што ў выніку беларускі рэжым пойдзе на вызваленьне ўсіх палітвязьняў.

Тым часам у Беларусі набірае абароты выбарчая кампанія ў парлямэнт, у якой бярэ ўдзел і Вольга Казуліна. Яе калега па Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч кажа, што лёзунгі Аляксандра Казуліна імі не забытыя.

“У сталіцы, у Фрунзенскім раёне спрабуюць вылучыцца на кандыдата ў дэпутаты старэйшая дачка Аляксандра Казуліна Вольга і я, былы ягоны адвакат, намесьнік старшыні ў партыі. Падчас усіх стадый выбарчай барацьбы мы будзем шырока выкарыстоўваць ідэі Аляксандра Казуліна. Прыкладам, ягоную прапанову, каб падчас галасаваньня былі празрыстыя ўрны. Асабліва гэта істотна для датэрміновага галасаваньня”.

22-га ліпеня ў Менскім гарадзкім судзе была разгледжаная скарга актывіста Андрэя Кіма і яшчэ 9-ці актывістаў, якіх асудзілі за мітынг прадпрымальнікаў 10-га студзеня. Прысуд пакінулі бязь зьменаў. А напярэдадні Тацяна Кім сустрэлася з сынам у Бабруйскай калёніі.

“У яго дзякуй Богу ўсё нармальна. Ён гэтак сказаў: “Для калёніі ў мяне ўсё нармальна”. На жаль, мы патрапілі да яго позна з-за вялікіх чэргаў, каля 8 вечара, а ўжо блізу 9 гадзінаў пачалі прымаць перадачу, бо ў іх хутка мусіла быць праверка. Спытала, як здароўе, адказаў, што нармальна”.

Паводле адмовы ў касацыі Тацяна Кім кажа, што Андрэй і ня думаў, што прысуд яму перагледзяць. Нагадаю, Андрэя Кіма суд прызнаў вінаватым у нападзе на міліцыянта падчас мітынгу прадпрымальнікаў і асудзіў на 1,5 года зьняволеньня. Актывіст ужо адбыў за кратамі болей за 6 месяцаў.

Палітвязьня Сяргея Парсюкевіча перавялі са Шклоўскай у Менскую калёнію ў адмысловы атрад для былых міліцыянтаў. Былыя палітвязьні не выключаюць, што гэтым узмоцнены кантроль над лідэрам прадпрымальніцкага руху, паколькі ў менскай калёніі, асабліва ў адмысловым атрадзе для былых міліцыянтаў, больш пільны нагляд. Жонка прадпрымальніка Натальля кажа, што яе муж напісаў заяву пра перавод пад прымусам.

“Ён казаў, што не хацеў, што прымусілі напісаць заяву пра перавод. Пагражалі, што не дадуць спатканьня са сваякамі”.

У Менскай калёніі пацьвердзілі, што Сяргей Парсюкевіч ужо прывезены ў калёнію, але адмовіліся назваць атрад, у які ён патрапіць. Сказалі, што гэта стане вядома праз два тыдні пасьля карантыну. Паводле Натальлі Парсюкевіч, з-за пераводу сарвалася доўгатэрміновае спатканьне з мужам, якое плянавалася на жнівень.

Таксама Натальля Парсюкевіч паведаміла, што перад адпраўкай у Менскую калёнію супрацоўнікі адміністрацыі пыталіся ў яе мужа, хто можа быць датычным да выбуху ў Менску 4-га ліпеня. Вядома, што Сяргей Парсюкевіч служыў у войску, добра ведае зброю і выбуховыя прыстасаваньні. “Сяргей ім сказаў, што, канешне, ня ведае, хто гэта зрабіў, але думае, што гэтыя людзі – сапраўдныя пачвары”, – перадала словы мужа Натальля Парсюкевіч.

Сяргея Парсюкевіча асудзілі на 2,5 года зьняволеньня пасьля ўдзелу у мітынгу прадпрымальнікаў 10-га студзеня. Паводле прысуду, ён зьбіў міліцыянта, але Парсюкевіч заяўляў, што насамрэч зьбілі яго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG