Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 ліпеня а 18.30 у Менску на Ўсходніх (Маскоўскіх) могілках ушанавалі памяць Уладзімера Караткевіча.

Ля магілы Ўладзімера Караткевіча сабралося некалькі дзясяткаў чалавек – сябры, прыхільнікі творчасьці, а таксама моладзь, якая нарадзілася ўжо пасьля адыходу Караткевіча ў іншы сьвет. Менавіта сёньня 24 гады, як яго ня стала.

Невялікі імправізаваны мітынг адкрыў мастак Мікола Купава, сябар суполкі "Пагоня" і партыі КХП-БНФ. Ён сказаў пра тое, што творчасьць Караткевіча дала вялікі імпульс разьвіцьцю ўсёй беларускай культуры другой паловы ХХ стагодзьдзя, а менавіта кінематографу, тэатру, выяўленчаму мастацтву.

Тут жа былі сябры Ўладзімера Караткевіча Адам Мальдзіс і Арсен Ліс, якія распавялі пра асабістыя сустрэчы з Уладзімерам Караткевічам. Яны казалі, што гэта быў нястомны вандроўнік, шукальнік сапраўднай гісторыі Беларусі.

Арсен Ліс быў рэдактарам першай кніжкі Ўладзімера Караткевіча, паэтычнай кніжкі "Матчына душа". Ён прыгадаў, як цэнзура не пагаджалася з многімі вершамі на гістарычную тэматыку, як хацелі зьняць верш, прысьвечаны Паўлюку Багрыму.

І Арсен Ліс, і Адам Мальдзіс казалі пра тое, што Караткевіч апярэджваў час і быў фактычна нашым сучасьнікам, тым чалавекам, які прамовіў ідэі Адраджэньня. Гэтую думку падхапіў адзін з кіраўнікоў Моладзі БНФ Франак Вячорка. Ён сказаў, што з кожным годам расьце цікавасьць моладзі да творчасьці гэтага пісьменьніка, і гэта адбываецца менавіта таму, што ён адказаў у сваіх творах на самыя надзённыя сёньняшнія пытаньні.

Свой верш, прысьвечаны Ўладзімеру Караткевічу, на мітынгу прачытаў паэт Уладзімер Някляеў".

* * *

У.Някляеў. Хадок

Біклага, кульба, тобра на плячах,
па нашым часе – выгляд маскарадны.
Нікому і ні ў чым непадуладны
Ідзе хадок, таму што выбраў шлях.

Ён выбраў шлях, і ўжо ня зьверне ўбок
Ад ісьціны, вядомае спрадвеку.
Амаль усё, што трэба чалавеку –
Скарынка хлеба ды вады глыток.

Амаль усё. Амаль, амаль, амаль,
Але ня ўсё, калі камяк у горле,
Ня ўсё, ня ўсё, калі душу агорне
Па незабыўным непазбыўны жаль.

Па кім? Па чым? Ці не па ўсіх і ўсім?
Па каласах тых, што на ўзьмежку поля,
Па тым, што – праўда, і па тым, што – воля,
Па самым любым, самым дарагім,

Па ўсіх, па ўсім, да сьлёз, да сьлёз, да сьлёз,
Па самым крэўным у чужынным сьвеце,
Што княжым ветрам прашуміць у вецьці
На сьпеўных вежах полацкіх бяроз

І паляўнічым рогам прагудзе
Ля Турава і адгукнецца ў Крэве...
Хай шлях кружны, нібыта колцы ў дрэве,
Бясконцы шлях – але хадок ідзе...

Ідзе хадок. Над ім дажджыць, сьняжыць,
Яму ня выйсьці з гэтай кругаверці...
Ён ведае так мала, каб памерці,
І гэтак многа ведае, каб жыць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG