Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Парсюкевіча пасадзілі з былымі міліцыянтамі


Палітвязьня Сяргея Парсюкевіча перавялі са Шклоўскай у Менскую калёнію, у адмысловы атрад для былых міліцыянтаў. Былыя палітвязьні не выключаюць, што такім чынам кантроль над лідэрам прадпрымальніцкага руху будзе ўзмоцнены.


Пра перавод у Менскую калёнію Сяргей Парсюкевіч паведаміў жонцы Натальлі праз тэлефон 24 ліпеня:

“Дазволілі яму пазваніць, і ён паведаміў, што пераводзяць у Менскую калёнію. Маўляў, яму трэба там быць як былому міліцыянту. Сяргей быў вельмі разгублены. Маё меркаваньне, што маральна зьдзекуюцца зь яго”.

Сёньня, 25 ліпеня, у адміністрацыі Менскай калёніі пацьвердзілі, што Сяргея Парсюкевіча ўжо прывезьлі ў калёнію. У якім атрадзе ён будзе адбываць пакараньне, не паведамілі. Супрацоўнік адміністрацыі сказаў, што пра гэта сваякам вязьня паведамяць праз два тыдні пасьля таго, як ён пройдзе карантын. Прычыны пераводу міліцыянты не камэнтуюць.

У Менскай калёніі, якая мае першы парадкавы нумар сярод калёній Беларусі, знаходзіцца адмысловы атрад для адбыцьця пакараньня былымі супрацоўнікамі міліцыі, пракуратуры і КДБ. Я патэлефанаваў знаёмаму, былому супрацоўніку КДБ, які адбыў у “адзінцы” тры гады, каб даведацца пра асаблівасьці ўтрыманьня ў гэтым адмысловым атрадзе. Але той катэгарычна адмовіўся адказваць на пытаньні пра калёнію.

У канцы 1990-х гадоў за палітычныя графіці ў Менскай калёніі сядзеў актывіст моладзевага руху Аляксей Шыдлоўскі. Паводле апазыцыянэра, у адмысловым атрадзе для былых сілавікоў квітнела стукацтва. Вось што мяркуе Аляксей Шыдлоўскі пра тое, навошта спатрэбілася пераводзіць Сяргея Парсюкевіча са Шклоўскай у Менскую калёнію:

У Менскай калёніі больш татальны кантроль. Адтуль ліст з камэнтаром не адправіш
“Магчыма, яны проста выконваюць закон, паводле якога былыя міліцыянты павінны знаходзіцца ў Менскай зоне. Але не сакрэт ні для каго, што ў Менскай калёніі больш татальны кантроль. Адтуль ліст з камэнтаром не адправіш. Таму, відаць, галоўнае — гэта ўзмацненьне кантролю”.

Ці атрымае Сяргей Парсюкевіч на новым месцы працу? У Менскай калёніі ёсьць участкі апрацоўкі дрэва і вырабу запчастак для кабін трактара “Беларус”. Аднак паводле плянаў гэтыя ўчасткі маюць зачыніць, а саму калёнію перавядуць зь Менску ў Воршу ці Шклоў. У Шклоўскай калёніі Сяргей Парсюкевіч шыў абутак для вязьняў. Як аплачвалася гэтая праца?

“За чэрвень яму заплацілі ўсяго 4 тысячы рублёў. Вось якія заробкі”.

***

Сяргея Парсюкевіча асудзілі на 2,5 года зьняволеньня пасьля ўдзелу ў мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня. Паводле прысуду, Парсюкевіч зьбіў міліцыянта, але заяўляе, што насамрэч зьбілі яго.
XS
SM
MD
LG