Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах на сёньня 78 ініцыятыўных груп вядуць збор подпісаў за вылучэнцаў ад апазыцыі ў Нацыянальны сход. Першыя дні выявілі нямала праблемаў. Пра іх сьведчаць паведамленьні зь месцаў


МАГІЛЁЎ

Лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў выйшаў са сьпісу прэтэндэнтаў у дэпутаты парлямэнту. І вось як тлумачыць прычыны гэтага:

Ніводзін дывэрсант з боку ўлады ня здолеў прынесьці нам столькі шкоды, колькі тыя, хто ня хоча выконваць свае рашэньні
“Было рашэньне Палітрады АДС: адна акруга — адзін кандыдат. Аднак Палітрада не змагла дамагчыся, каб гэта рашэньне выконвалася. Працэс, як кажуць, пайшоў на самацёк. Ніводзін дывэрсант з боку ўлады ня здолеў прынесьці нам столькі шкоды, колькі тыя, хто ня хоча выконваць свае рашэньні. Прашу прабачэньня за рэзкія словы, але палезьлі ў дэпутаты людзі, якія ня маюць адукацыі, у якіх няма мінулага і будучыні”.

СЛУЦАК

Свае прэтэнзіі да лідэраў АДС выказвае і вылучэнец са Слуцку Анатоль Юрэвіч:

“Пачатак кампаніі вельмі кепскі. Падтрымка патрэбная розная. Вельмі кепска, напрыклад, што цяпер сябры маёй ініцыятыўнай групы прыходзяць да людзей без маіх здымкаў, безь якіх-колечы інфармацыйных матэрыялаў. Сам гэтым я не магу забясьпечыць, бо я — беспрацоўны”.

Нагадаю, Анатоль Юрэвіч вылучаецца на дэпутата Нацыянальнага сходу па Слуцкай выбарчай акрузе № 74. Ён — былы прадпрымальнік, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), мае дзьве вышэйшыя адукацыі.

ГОРАДНЯ

На Гарадзеншчыне адзін з кандыдатаў ад апазыцыі адмовіўся браць удзел у выбарах. Прадстаўнік АДС з Ваўкавыску, Віктар Вайтчук, заявіў, што не жадае браць удзелу ў выбарах. Ён лічыць, што дэмакратычныя сілы позна пачалі рыхтавацца да выбарчай кампаніі і цяпер папросту не гатовыя да яе.

Тым часам у Горадні зарэгістравана 14 ініцыятыўных груп вылучэнцаў ад апазыцыі. У некаторых акругах зарэгістраваліся адразу некалькі інцыятыўных груп дэмакратычных прэтэндэнтаў.

У Сьвіслачы ўсіх актывістаў дапытвалі ў сувязі з выбухамі ў Менску. Людзі ўсё гэта зьвязваюць з выбарчай кампаніяй
Прадстаўнік назіральнікаў Віктар Сазонаў кажа пра факты грубага парушэньня выбарчага заканадаўства.

Сазонаў: “Увесь час з рэгіёнаў паступаюць зьвесткі, што некага выклікалі, рабілі ператрусы. Да прыкладу, у Сьвіслачы ўсіх актывістаў дапытвалі ў сувязі з выбухамі ў Менску. Людзі ўсё гэта зьвязваюць з выбарчай кампаніяй”.

БАРЫСАЎ

Для апазыцыі ў выбарчай кампаніі ёсьць і свае плюсы, лічыць лідэр грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў:

“Калі прыходзіш па подпісы ў сваю падтрымку, то перадусім людзі скардзяцца. Выказваюцца наконт адабраных сацыяльных ільготаў, павышэньня коштаў камунальных паслуг і бэнзіну. Нам пра гэта кажуць і пераконваюць, што ня вераць гэтай уладзе. Даводзяць, што будуць рабіць усё магчымае, каб у парлямэнце зьявіліся новыя людзі”.

Віктар Гарбачоў вылучаецца ў кандыдаты на дэпутата па Барысаўскай гарадзкой выбарчай акрузе № 62.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG