Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра факты ціску на некаторых сяброў ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты.

У складзе ініцыятыўнай групы Арцёма Шаркова, які ўваходзіць у сьпіс Эўрапейскай кааліцыі, ёсьць сям’я настаўнікаў Мішураў з пасёлку Энэргетыкаў Дзяржынскага раёну. Уладзімер Мішура мае досьвед удзелу ў выбарчых кампаніях — тройчы абіраўся дэпутатам райсавету. Цяпер ён дэпутат Негарэльскіх пасялковага і сельскага саветаў. Спадар Мішура апавёў, што на яго чыніцца ціск з боку адміністрацыі.

Дырэктар сказаў, што на яго робіцца вялікі ціск, каб я зьняў сваё прозьвішча з ініцыятыўнай групы
“Дырэктар сказаў, што на яго робіцца вялікі ціск, каб я зьняў сваё прозьвішча з ініцыятыўнай групы. Інакш у мяне будуць вялікія цяжкасьці. Аналягічную такую заяву зрабіла дырэктар школы, дзе працуе мая жонка. Тут дзьве Негарэльскія школы — я ў другой, а яна ў першай. За тое, што я ўдзельнічаю ў ініцыятыўнай групе, мяне папярэдзілі, што ў мяне будуць цяжкасьці з заключэньнем кантракту на наступны год. Прычым ціск вядзецца ўжо другія суткі. Я ўсё ж буду ўдзельнічаць, бо я разумею, што яны ўсё роўна мяне хочуць зьнішчыць. Чалавека, які адпрацаваў 43 гады ў школе, цяпер яны хочуць зьнішчыць як асобу”.

У Жыткавіцкім раёне малады сябра аргкамітэту Партыі свабоды і прагрэсу (імя яго не называецца) прынёс дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў акруговую камісію. Адзін зь лідэраў Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч апавёў:

“Гэтая камісія далажыла па начальству. Начальства выклікала маці гэтага маладога чалавека. І настолькі застрашылі гэтую жанчыну, што яна гэтыя дакумэнты, якія ёй чамусьці далі, усе парвала. На гэтым этапе няма цэнтралізаванай каманды шчаміць. Пераважна мясцовыя чыноўнікі праяўляюць ініцыятыву. Бо ведаюць, што за гэтую ініцыятыву ніхто лаяць ня будзе”.

Кіраўнік Менскай абласной структуры БНФ Зьміцер Вінаградаў не пасьпеў зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу з другой спробы. Спачатку яе адмовіліся рэгістраваць.

Яны пабачылі, што я моцны кандыдат, трэба ад мяне пазбавіцца
“Паседжаньне камісіі было ўчора а палове на трэцюю. І на гэтым паседжаньні маю групу не зарэгістравалі, бо нібыта адзін сябра ініцыятыўнай групы быў уключаны ў гэты сьпіс безь ягонай згоды. На яго націснулі, бо ён працуе юрыстам у санаторыі “Баравое”. І хлопец адмовіўся. Празь нейкія паўгадзіны я зноў перарабіў заяву, сьпіс на аднаго чалавека меней, і павёз. Недзе 10 кілямэтраў ад’ехаў ад Мядзеля, мяне тармозіць ДАІ: “Ваша машына падазраецца ва ўгоне”. Мяне пратрымалі ў аддзеле да 18:55. Да Вілейкі больш за 40 кілямэтраў, я не пасьпеў. Яны пабачылі, што я моцны кандыдат, трэба ад мяне пазбавіцца”.


XS
SM
MD
LG