Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча зарабіць на сусьветным харчовым крызісе


У часе паездкі па гаспадарках Берасьцейшчыны Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ва ўмовах усясьветнага харчовага крызісу Беларусь можа падвоіць паступленьні ў бюджэт ад экспарту сельгаспрадукцыі.


Сёлета продаж прадуктаў харчаваньня за мяжу мусіць дасягнуць 2 мільярды даляраў.

Ва ўмовах галодных бунтаў у шэрагу рэгіёнаў сьвету, як выказаўся Лукашэнка, Бог даў беларусам шанец, як колісь нафтавікам – зарабіць на імклівым росьце коштаў на харчаваньне. У якасьці прыкладу Лукашэнка спаслаўся на статыстыку ААН, паводле якой у наступным годзе ад голаду па ўсім сьвеце могуць памерці 17 мільёнаў чалавек.

Перад ад’ездам у Берасьцейскую вобласьць кіраўнік Беларусі акцэнтаваў увагу на тым, што цяпер пра збожжа гавораць больш, чым пра нафту і газ, таму, па яго словах, было б злачынствам страціць хлеб. Ён паабяцаў прыцягнуць усіх да крымінальнай адказнасьці, хто гэтага не разумее: “Пакуль пару чалавек не пасадзіш, не зразумееш”, -- прыгразіў Лукашэнка. Сёньня Лукашэнка пацьвердзіў, што ня спыніцца не перад чым – нават калі ў адзін дзень давядзецца ўсіх звольніць.

Былы міністар сельскай гаспадаркі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Русы салідарны з кіраўніком краіны ў тым, што для Беларусі наступаюць надзвычай удалыя часы, якія трэба выкарыстаць спаўна:

“Уласную харчовую бясьпеку Рэспубліка Беларусь вырашыла яшчэ ў 1996 годзе. І вось ад таго часу і да цяперашняга за межы краіны мы рэалізуем прадукцыі ў сярэднім на суму звыш 1 мільярду 600 мільёнаў даляраў. Прынамсі, за мінулы год ад продажу харчаваньня атрымана менавіта столькі сродкаў.

Усе ў поле, закасаўшы рукавы
Штогод вёска, грамадзкі сэктар прырастае на 7-8% у валавой прадукцыі. Гэта і ёсьць наш рэзэрв. То бок, забясьпечваецца поўная бясьпека і плюс яшчэ штогод мы прырастаем да 8% у грамадзкай жывёлагадоўлі – былыя калгасы, саўгасы, а цяпер каапэратыўныя сельгаспрадпрыемствы, фэрмэры даюць гэты прырост. Апроч таго, у нас запас зямлі даволі сур’ёзны – звыш аднаго гэктару на чалавека. Новыя тэхналёгіі ўкараняюцца, не разбураны аграпрамысловы комплекс, а наадварот ён адроджаны. Спрацавала вельмі салідна праграма адраджэньня вёскі”.

У часе нарады ў Камянецкім раёне Аляксандар Лукашэнка загадаў пачаць масавую ўборку збожжа па ўсёй краіне 26 ліпеня. “Усе ў поле, закасаўшы рукавы”, -- заклікаў Лукашэнка.

Сярод іншага Аляксандар Лукашэнка сказаў, што малады спэцыяліст, накіраваны па разьмеркаваньні, без дазволу раённага ці абласнога выканкаму ня зможа перайсьці на іншае месца працы, паведамляе БелТА. “Мы падумаем, як гэта рэалізаваць, каб не наламаць дроваў”, – сказаў А.Лукашэнка. Ён дадаў, што для маладых спэцыялістаў на вёсцы павінны быць створаныя нармалёвыя жыцьцёвыя ўмовы, і што дзяржава сёньня можа гэта забясьпечыць.
XS
SM
MD
LG