Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбары: 448 чалавек хочуць стаць дэпутатамі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня ў Цэнтральную выбарчую камісію паступілі зьвесткі пра колькасьць заявак, якія падалі на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.


Усяго пададзена 448 заявак. Колькі зь іх будзе задаволена, стане вядома 29 ліпеня.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік называе наступныя лічбы:

“Агульная колькасьць заяваў па рэспубліцы — 448. Ёсьць дзьве акругі — у Пінску і Ваўкавыску, дзе ўсяго па адной заяве. І таксама ёсьць дзьве акругі, дзе ў кожнай падалі аж па дзевяць заяў. Зразумела, што гэта ў сталіцы. Тут у сярэднім на кожную акругу прыпадае па 6,55 заяў. Усяго 131 заява на 20 акруг”.

Спадар Лазавік гаворыць пра актыўнасьць у рэгіёнах:

“Па Менскай вобласьці 48 заяў на 17 акруг, па Магілёўскай — 56 на 13, па Гарадзенскай — 39 на 13, па Гомельскай — 60 на 17, па Віцебскай — 49 на 14 і па Берасьцейскай — 49 на 16. У агульнай колькасьці заяў 334 — ад беспартыйных і 114 — ад сяброў палітычных партыяў”.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы плянавалі зарэгістраваць ініцыятыўныя групы ў кожнай са 110 выбарчых акругаў. Але, як паведаміў “Свабодзе” прэсавы сакратар АДС Юры Пацёмкін, пададзеныя заяўкі толькі ў 98:

“Прычыны, зь якіх людзі не падавалі рэгістраваць свае ініцыятыўныя групы, розныя. Дый наагул да этапу вылучэньня кандыдатаў дайшлі 103 са 110 чалавек. Некаторыя адмовіліся ад вылучэньня з прычыны адміністратыўнага ціску — на іх саміх альбо іхных сваякоў. І нават ужо зараз, падчас вылучэньня, у некаторых рэгіёнах людзі адмаўляюцца далей удзельнічаць у выбарах, выходзяць са сьпісу. У асноўным гэта адбываецца ў рэгіёнах. У Менску такіх выпадкаў няма.

І я думаю, зараз іх стане яшчэ меней. Добра, калі ў сьпісе са 110 застанецца 100 прозьвішчаў”.

Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, якую ачольвае Станіслаў Шушкевіч, дэ-юрэ ўваходзіць у АДС. Але сваіх кандыдатаў у дэпутаты яна вылучае асобна ад агульнага сьпісу. Кіраўнік партыйнага выбарчага штабу Сяргей Скрабец удакладняе сытуацыю з ініцыятыўнымі групамі:

“Падалі на рэгістрацыю больш за 30 групаў. Але паколькі для разгляду даецца 5 дзён, дык вынікі рэгістрацыі пакуль невядомыя”.

Сам Сяргей Скрабец спрабуе балятавацца ў Лідзкай гарадзкой акрузе, дзе кандыдат па адзіным сьпісе — галоўны рэдактар газэты ТБМ “Наша слова” Станіслаў Суднік. Неабходныя дакумэнты туды адвезьлі ўчора. У журнале для рэгістрацыі яны пазначаныя нумарам 6.


Фотарэпартаж са збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты Алеся Лагвінца

XS
SM
MD
LG