Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На фота МУС падазраваныя ў выбуху?


На інтэрнэт-партале МУС Беларусі зьявіліся фатаздымкі народнага гуляньня 3 ліпеня на тым месцы, дзе празь некалькі гадзінаў выбухнула бомба.

Супрацоўнікі міліцыі просяць грамадзян апазнаць зафіксаваных на здымках людзей.

Прадстаўнікі дэмакратычнага руху, якіх сьледчыя дапыталі як падазроных у злосным хуліганстве, называюць дзеяньні сьледчых імітацыяй бурлівай працы.


Колькасьць падазраваных у крымінальнай справе па выбуху 4 ліпеня ў Менску ад пачатку сьледчых дзеяньняў павялічылася ў дзясяткі разоў. Але дагэтуль нікому не прад’явілі абвінавачаньня.

МУС Беларусі на сваім сайце зьмясьціла фатаздымкі людзей, якія былі на месцы выбуху за некалькі гадзінаў да падзеі.

Супрацоўнік прэсавай службы Міністэрства ўнутраных спраў Алег Сьлепчанка паведаміў “Свабодзе”:

іншым разам так атрымліваецца, што чым болей сьведак, тым цяжэй атрымаць дакладную інфармацыю
“Вельмі шмат людзей было апытана, але дзеля таго, каб паўней аднавіць карціну і атрымаць дадатковую інфармацыю, мы вырашылі разьмясьціць гэтыя фатаграфіі. У інтарэсах сьледзтва мы ніякай дадатковай інфармацыі не распаўсюджваем. Разумееце, іншым разам так атрымліваецца, што чым болей сьведак, тым цяжэй атрымаць дакладную інфармацыю”.

Паводле зьвестак апазыцыянэраў, якія былі затрыманыя на 10 сутак у якасьці падазраваных, а таксама сваякоў, якія прыносілі затрыманым перадачы, праз ізалятар часовага ўтрыманьня прайшлі каля 70 чалавек. Сьледчыя органы не называюць дакладную лічбу падазраваных, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва.

Кожны з апытаных даў падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва.

Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс” Юрась Карэтнікаў трое сутак правёў у сьледчым ізалятары КДБ і здаў адбіткі пальцаў восем разоў. Гэта пры тым, што ад 29 чэрвеня па 6 ліпеня яго не было ў Беларусі.

“Яны папросту цікавіліся маёй грамадзкай дзейнасьцю ў “Правым альянсе”. У справе працуе міжведамасная сьледчая група. Я так разумею, што яны павінны дзяліцца паміж сабой інфармацыяй. А тое, што ў мяне ўчора восьмы раз запар бралі адбіткі, ёсьць паказчыкам альбо непрафэсійнасьці, альбо неспрацаванасьці паміж самімі спэцслужбамі, альбо гэта папросту адзін з элемэнтаў ціску на мяне напярэдадні выбарчай кампаніі”.

Юрась Карэтнікаў разам зь іншымі падазраванымі будзе абскарджваць рашэньне сьледчых аб пазбаўленьні іх права пакідаць тэрыторыю Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG