Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На час Алімпіяды Кітай дазволіць абмежаваныя палітычныя пратэсты. Дэманстрацыі будуць дазволеныя ў трох пэкінскіх парках, якія месьцяцца далёка ад алімпійскіх аб'ектаў, і арганізатарам пратэсту трэба будзе атрымоўваць дазвол, піша "Los Angeles Times".

Рашэньне стварыць так званыя "зоны пратэсту" у трох грамадзкіх парках Пэкіну -- спроба адказу кітайскіх уладаў тым крытыкам, якія кажуць, што ў гэтай краіне зусім няма свабоду слова. Праўда, каб атрымаць дазвол на пратэст, трэба будзе загадзя падаваць заяўку, дзе павінна быць вызначана тэма пратэсту, імёны арганізатараў і колькасьць удзельнікаў.

Стварэньне "зонаў пратэсту" – гэта адыход ад ранейшай палітыкі кітайскіх уладаў, калі любыя дэманстрацыі дысыдэнтаў забараняліся
Наведнікі спартовых мерапрыемстваў наўрад ці пабачаць гэтыя пратэсты, бо ўсе тры паркі далёка ад месцаў дзе будуць ісьці спаборніцтвы. Тым ня менш, стварэньне "зонаў пратэсту" – гэта адыход ад ранейшай палітыкі кітайскіх уладаў, калі любыя дэманстрацыі дысыдэнтаў забараняліся. Паводле намесьніка дырэктара Шанхайскага інстытуту Амэрыканскіх дасьледаваньняў Ні Цьзяньпіна, які выступаў у ролі дарадцы для Алімпійскага камітэту Кітаю ў гэтым пытаньні, рашэньне ўладаў дэманструе, што Кітай сур'ёзнай ставіцца да пытаньня правоў чалавека.

Шмат якія праваабаронцы назвалі рашэньне кітайскіх уладаў "фігавым лістком" ці нават пасткай для нязгодных. Шэран Хом, якая ўзначальвае нью-ёрскую арганізацыю "Правы Чалавека ў Кітаі", кажа, што ўлады альбо зусім не дазволяць пратэстаў па такіх тэмах як Тыбэт, альбо папросту арыштуюць удзельнікаў пасьля пратэсту на выхадзе з парку.

Прафэсарка ўнівэрсытэту амэрыканскага штату Мізуры С'юзан Браўнэл, якая знаходзіцца ў Кітаі па праграме навуковага абмену на час Алімпійскіх гульняў, і якая ўдзельнічала ў распрацоўцы прапановаў аб "зонах пратэсту", выказвае спадзеў, што сама ідэя паспрыяе больш талерантнаму стаўленьню кітайскіх уладаў у адносінах да нязгодных – гэтаксама як некалі свабодныя эканамічныя зоны былі першым крокам на шляху да рынкавай эканомікі.
XS
SM
MD
LG