Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі у Міністэрстве абароны Ізраілю маюць інфармацыю, што да канца 2008 году Іран атрымае праз Беларусь расейскія сыстэмы С-300. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў Мінабароны паведамляе выданьне Jerusalem Post.


Паводле выданьня, Іран ужо мае некалькі сыстэмаў С-300. Гэты комплекс здольны адсочваць адначасна 100 мэтаў і зьнішчаць самалёты на адлегласьці 120 км.

Паводле ізраільскіх экспэртаў, для разгортваньня комплексу і падрыхтоўкі адпаведных спэцыялістаў Ірану спатрэбіцца прыкладна год.

У сваю чаргу Масква аспрэчвае факт зьдзелкі з Тэгеранам.

Тым часам, аналітык і выдавец ўплывовага брытанскага ваеннага часопісу Janes Air-Launched Weapons Робэрт Хьюсан на старонках выданьня піша, што адпаведная зьдзелка была ажыцьцёўленая пры пасярэдніцтве Беларусі. Гэта дазволіла Расеі, якая даўно раздражняе Захад сваім ядзерным супрацоўніцтвам з Іранам, фармальна ня ўдзельнічаць у ёй.

"Беларусь -- гэта самы бліжэйшы шлях, нават калі Расея адмаўляе факт зьдзелкі. Аднак на гэтым шляху нічога не адбываецца без удзелу Масквы”, лічыць Хьюсан.

Сёньня ж іранскае інфармацыйнае агенцтва IRNA распаўсюдзіла заяву міністра замежных спраў Ірану Матакі адносна таго, што Тэгеран і Менск маюць агульныя інтарэсы і праблемы ў галіне міжнароднай палітыкі.

Заява была зроблена ўчора ў часе сустрэчы з новым беларускім амбасадарам у Тэгеране Віктарам Рыбакам. Паводле абодвух чыноўнікаў, Іран і Беларусь зьбіраюцца пашырыць салідарнасьць з краінамі, якія стаяць на шляху разьвіцьця. Паведамляецца, што памер двухбаковых ірана-беларускіх праектаў цяпер дасягае 1,9 мільярда даляраў.

Мінабароны Беларусі пра пастаўкі ў Іран С-300: “чарговае глупства”

“Няма ніякага сэнсе камэнтаваць і гэтае чарговае глупства”, - заявіў Интерфаксу начальнік прэсавай службы Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменчык, камэнтуючы публікацыю ў "Jerusalem Post" пра пастаўкі ў Іран праз Беларусь расейскіх сыстэмаў С-300.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG