Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да пачатку тысячагодзьдзя старажытнае Касьцянёва нават на Шчучыншчыне было вядомае хіба ў вузкіх навукова-краязнаўчых колах. У 1228 годзе непадалёк адбылася сеча з мангола-татарамі, на чале якіх стаяў Шайбак-хан.


Паводле легенды, косьці людзей, якіх ён катаваў, хавалі ў навакольлі. Адсюль і назва.

Спадарыня: “Ёсьць гара, адкопваюць шмат трупаў, касьцей...”

Колькі год таму на тых касьцях галяндцы на ўзятых у арэнду 142 га прапанавалі пасеяць трускаўкі. Было ўтворана і сумеснае зь беларусамі прадпрыемства “Клубніка-Plants”. Гісторыю гэтую добра памятае спадар Пётра Кухарчык. Ён сябра Партыі БНФ, кандыдат сельскагаспадарчых навук. Пагадзіўся суправаджаць мяне ў вандроўцы ў Касьцянёва. Ён узгадвае:

Кухарчык: “Раней быў саўгас “Шчучынскі”. Зьмяняліся дырэктары — адзін, другі. Не хацелі працягваць дамовы на арэнду памяшканьняў, зямлі. Прадпрыемства выкупіла іх, зрабіла рэканструкцыю. Мо і стратнай гаспадарцы не да іх стала. Бо каб хацелі задушыць, мусіць, і задушылі б. Думаю, на дзяржаўным узроўні была падтрымка. Бо, па-першае, у бюджэт падаткі, працоўныя месцы. І галяндцы не ў пралёце — у нас таньнейшая праца, чым у Эўропе. У той жа Галяндыі няма сваёй свабоднай узаранай зямлі. У іх тут практычна няма канкурэнцыі. Хоць першым часам частку прадукцыі вывозілі ў Эўропу — сартавалі тут, прадавалі там...”

Не ў пралёце апынуліся і тутэйшыя людзі. На цэнтральнай сядзібе пагутарыў з трактарыстам Андрэем Яцэвічам ды зваршчыкам Мар’янам Марозам.

Спадары: “Лепшыя адносіны да цябе. Фінансава — у калгасе 300 тысяч, а тут і 500, 600, 700. І абед, і падвячорак развозяць па палетках. У мясцовых беспрацоўя няма — узімку вяжуць пучкі, а зараз праполка для жанчын. Ну і мужыку справы хапае, бо пайшлі грошы, новая тэхніка, абсталяваньне. Я паўгода працую, але кідаць не зьбіраюся. Ідзе народ, у асноўным моладзь — прэстыжна...”

На сталай працы ў “Клубніка-Plants” — 40 чалавек. На сэзон бяруць да 300. 99% акцый у галяндцаў, 1% — у дырэктаркі сумеснага прадпрыемства спадарыні Сямашкі. Кантакт зь ёю быў знойдзены адразу ж — мо таму, што фамільяты.

Сямашка: “Тых, хто жыве ў Касьцянёва, чалавек пяць. У асноўным са Шчучына. Вырошчваем расаду трускалак — 15 мільёнаў штогод, і ягаду — сабралі 90 тон. Распаўсюд на Менск, Гродна. Галяндцы перадалі тэхналёгіі вырошчваньня. Гэта вельмі працаёмістая культура. Мы іх сартуем, замарожваем і захоўваем да канца жніўня. Карані вымаем зь лядоўні, 2—3 дні — і яны пайшлі ў рост. Галяндцы бачаць, што засвоілі тэхналёгію. Цяпер свой вопыт ёсьць — нашы людзі зь першага дня, нашы землі...”

Карэспандэнт: “Не сакрэт: у калгасе працуюць да заробку, а пасьля ў запой...”

Сямашка: “У калгасе, чула, вялікая праблема. Мы ж — дзе грозьбай, дзе просьбай. Нармальныя заробкі. Цікавая праца...”

Дарэчы, Тэрэса Войцехаўна сама ж прапанавала сустрэцца з самым, па яе словах, экзатычным кантынгентам працаўнікоў — вольнапасяленцамі, або так званымі “хімікамі”.

Сямашка: “Дамовіліся спачатку на 3—4, цяпер 15 іх працуе. Да іх па-свойму трэба ставіцца, але мы іх працай задаволеныя. Атрымліваюць такі ж заробак, як і нашы рабочыя. Але ў іх спэцкамэндатура — свае законы. Вы павінны ўсё пачуць ад людзей...”

Зь Пётрам Кухарчыкам вырашаем ехаць на палеткі да “хімікаў”. Але ля дзьвярэй да нас падыходзіць 66-гадовая спадарыня Алена Семяняка. Працуе восьмы год. Просіць агучыць яе словы падзякі тутэйшым камэрсантам.

Семяняка: “Хутчэй буду плакаць, чым расказваць. Двое дзяцей пахавала па 40 год. І гэтая фірма мне моцна дапамагла, асабліва дырэктар Войцехаўна — і матэрыяльна, і маральна. Пазваніла, дамовілася — паспрабуй прывязі дачку летаком з Расеі...”

Па дарозе спыняемся непасрэдна ў вёсцы. І... патрапляем нібыта ў іншы сьвет. З 70 хатаў 35 пустуюць. У статку са 100 кароў засталося 17. Гэта паведамляюць тры бабулькі ды два дзядулі, што грэюцца на цэнтральным вясковым пляцы. Яны пачынаюць гаварыць наперабой.







Спадарства: “Жыву ні хворая, ні здаровая, але пэнсію атрымліваю — не галодная. Сынка дапамагае трохі... А мне не дапамагае — кінуў мяне ў 80 год. Адна засталася... А па вёсцы званочак будзе — ужо мала засталося хатаў. Паўміраюць — закапаюць і зробяць палетак. Мой унук пабыў у горадзе — не хачу ў вёску! А ў нас памыцца няма дзе, адскрэбціся... Жанчын 40 — адны ўсе жывуць. А мужыкоў няма — слабейшыя... Жанчыны менш працуюць, а мужыку вазьмі прывалачы ўсё... Кароў няма, сотак не бярэм...”

Падыходзіць 86-гадовы спадар Лапенка. Ён тут “аксакал” — ня толькі паводле веку. Кажуць, паводле мудрасьці ды заможнасьці. У Другую сусьветную служыў у Арміі Людовай.

Лапенка: “Вялікая была вёска Касьцянёва — пад паўтысячы чалавек. Цяпер старэйшыя паміраюць, маладыя ў горад. Я ў саўгасе з 45 году. Пэнсіі атрымліваю 500 — ваенкамат дабавіў. А я каня трымаю, карову. У нас 9 вэтэранаў было, цяпер я адзін...”

Яшчэ 4 гады таму ў Касьцянёве была 8-гадовая школа, у якой калісьці было да 200 вучняў. 18 год нязьменным дырэктарам была Соф’я Андрэеўна Радзевіч. Сёньня, пасьля таго як будынак школы быў закінуты ды разрабаваны, яна словаў не выбірае.

Радзевіч: “Усё разарылі — сталовую, вокны, дзьверы, падлогу выдзерлі. Дзьве саджалкі панскія засталіся, ліпавыя алеі і помнік з запаветам нашчадкам, хто прыйдзе ў 2017 годзе — заліты сургучом у бутэльцы. Хто дажыве, хай адкопвае...” (Сьмяецца.)

Расчаравалася спадарыня Радзевіч і ў дзеючым прэзыдэнце, за якога некалі галасавала.

Радзевіч: “Нашу вёску не падняў — апусьціў. А можна было б! У будучым Касьцянёва адамрэ. Нічога тут не плянуецца — зернясховішча пабудавалі і вышку МТС...”

16-гадовы Андрэй Гайдукевіч сканчае 10-ю клясу. Калісьці вучыўся тут, цяпер яго возяць за 15 км.

Андрэй: “Хацеў бы застацца тут — усё жыцьцё пражыў. Але сумна, нікога няма...”

Гутарым пра ўбачанае зь Пётрам Кухарчыкам.

Кухарчык: “Вёска жыве і будзе жыць, калі ў ёй моладзь. А калі застаюцца адны старыя, усё роўна вымірае. Таму трэба, каб была больш прывабнай для моладзі. Калі адпрацаваў, мог бы пайсьці нейкай сваёй справай заняцца, адпачыць. У вёсцы ж працуюць ад цямна да цямна, без выхадных. Пасяўная ў сакавіку пачынаецца, а ўборка заканчваецца ў лістападзе. А яны бываюць у горадзе, за мяжой — бачаць, які ўклад там. Таму шмат хто атрымлівае сельскагаспадарчыя прафэсіі ды імкнецца зьехаць. Бо заробак невялікі, а ўмовы працы цяжкія...”

Але вось і згаданыя палеткі за 20 км ад вёскі, дзе працуюць вольнапасяленцы. Гэта людзі, як кажуць, розных узростаў, лёсаў ды прафэсій. Акурат у іх выдаліся вольныя хвіліны — адпачывалі пасьля праполкі трускалак. Паступова разгаварыліся. Напачатку — з былым аграномам Пётрам Мечнікам. Тут сапраўды атмасфэра, мякка кажучы, адмысловая.

Мечнік: “Кожны па-рознаму працуе — хто месяц, хто паўгода. Мала плацяць — за мінулы месяц у мяне налічана 130 рублёў, атрымаў 97. А налічваюць кожны дзень па 10 рублёў. Тут на хіміі 174 артыкул у мяне за нявыплату алімэнтаў — мне калгас не заплаціў за 3 месяцы. Суд выклікаў і даў 2 гады — год і 4 месяцы тут. Не давалі заробак — можна сказаць, ахвяра рэжыму...”

Свае гісторыі распавядаюць і іншыя.







Спадарства: “Я пахуліганіў — пабіўся. Хлопец заявіў у міліцыю — далі год і 4 месяцы... Я за набыцьцё і ўжываньне наркотыкаў — 2 гады далі... Пабіўся зь цяжкімі наступствамі — 2 гады, 3 месяцы сяджу. Цяжка па палетках 2 км на карачках прапаўзьці. У большасьці тут алімэнты, пазовы — вылічваюць, застаецца на макароны і самыя танныя цыгарэты... Усё гэта сыстэма — садзіць так людзей, каб галоднымі хадзіць на працу, невядома, ці атрымаюць гэтыя капейчыны... За што выплачваць?! У аднаго чалавека 15 мільёнаў доўгу — са 130 тысяч 75% вылічылі... Законы незразумелыя, лепш далей ад Беларусі. Я ўжо 6 судзімасьцяў за запазычанасьці — 12 мільёнаў. Дзе я іх вазьму?! Кожны месяц 400 тысяч трэба. Тут такой працы няма. На рукі маю 34 тысячы, лепш пайду на зону... Наш “бацька” кожны дзень цэны падымае. Сястра ў Літве — навошта, кажа, у гэту Беларусь ехаць? Жыцьця няма, не было і ня будзе...”

Кухарчык: “Многія людзі сядзяць за тое, за што можна было і не садзіць...”

Гэта са сваім камэнтаром ізноў знаёмы ўжо Пётра Кухарчык. І наша апошняя размова пры ад’езьдзе.

Карэспандэнт: “Пётра, ты ня бачыш небясьпекі, што прыйдзе заходні інвэстыцыйны капітал да нас у такім выглядзе, як у Касьцянёва?”

Кухарчык: “Наадварот, бачу толькі добрае. Лепш людзі жывуць. Таму што заробкі былі меншыя ўдвая-ўтрая. А тут яшчэ і гарантаваныя. Для рабочых з гораду даюць дзялкі для вырошчваньня бульбы. І высокі заробак стымулюе людзей — менш падстаў, каб яго звольнілі. Тым больш зямлю гэтую не забяруць — яна наша, а яны на ёй працуюць. Чым больш будзе такіх СП, тым для эканомікі краіны будзе лепш...”

XS
SM
MD
LG