Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чавэс назваў галоўную плошчу Каракаса імем Каліноўскага?”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 21 ліпеня.


23 ліпеня Беларусь наведвае прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс. СМС-паведамленьне: “Да прыезду Лукашэнкі і Чавэса ў парку Сымона Балівара запусьцілі фантан. Лукашэнка і Чавэс зьедуць — фантан закрыюць”.

Ільля Копыл: “У СМІ прагучала паведамленьне, што сквэру на скрыжаваньні вуліц Захарава і Першамайскай прысвоена імя вэнэсуэльскага нацыянальнага героя Сімона Балівара. Цікава, за што такая пашана? Можа, ён разам з Тадэвушам Касьцюшкам змагаўся ў 1794 годзе за свабоду і незалежнасьць Літвы і Беларусі ад маскоўскіх захопнікаў? А можа, ён удзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым паўстаньні супраць царызму ў 1831 годзе? А можа, ён прымаў удзел у паўстаньні 1863 году? А можа, Уга Чавэс назваў галоўную плошчу сталіцы Вэнэсуэлы імем Кастуся Каліноўскага і мінскія ўлады зрабілі такі ход у адказ?”

Штодня мы атрымліваем тэлефанаваньні, у якіх слухачы разважаюць пра маючыя адбыцца восеньню выбары ў Палату прадстаўнікоў.

Спадар Віктар: “У выбарах абавязкова трэба ўдзельнічаць усім ахвотным, весьці прапаганду, даводзіць праўду пра злачынствы ўлады, махінацыі, злоўжываньні. Тым больш што на гэта выдаткоўваюцца сродкі. І чым больш будзе кандыдатаў, тым большую інфармацыю атрымаюць выбаршчыкі. Арганізавана зьмяншаючы колькасьць кандыдатаў, апазыцыя сама зьмяншае інфармаванасьць выбаршчыкаў, дапамагаючы ўладам. Гэта можна лічыць здрадніцтвам апазыцыі”.

Спадар: “Падобна, што вэртыкальшчыкі вельмі не жадаюць дапусьціць у парлямэнт тых, хто знаходзіцца ў апазыцыі — праз рэпрэсіі, запалохваньні і многія іншыя рэчы, якія яны робяць пры расправах зь бездапаможнымі перад імі. Апазыцыя раздробленая і ў цэлым не імкнецца аб’яднацца, нават беларускамоўныя з рускамоўнымі, а таксама з-за многіх іншых фактараў, якія выгадна для сябе выкарыстоўваюць толькі вэртыкальшчыкі для распраў над апазыцыянэрамі і ў любы час”.

5 ліпеня ў парку Чалюскінцаў у Менску абарваўся адзін з атракцыёнаў. Пацярпела чацьвёра чалавек.

Спадар Зіноўеў: “Скажыце, ці працуюць атракцыёны ў парку Чалюскінцаў?”

На пытаньне адказвае галоўны інжынэр парку Анатоль Яцкевіч:

“Інцыдэнт здарыўся на прыватным атракцыёне. У нас прыватныя прадпрымальнікі арандуюць спэцыяльныя пляцоўкі. Той вузел, які зламаўся, зараз дасьледуюць у Інстытуце парашковай мэталюргіі. Пасьля будзе заключэньне, чаму ён зламаўся. Мы правялі дадатковыя выпрабаваньні ўсіх атракцыёнаў. Яны ўсе працуюць. Апрача трох атракцыёнаў, на якіх праводзяць дадатковыя выпрабаваньні”.

Днямі Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт, якім канчаткова замацаваны 11-гадовы тэрмін навучаньня ў сярэдніх школах. У школах таксама захаваны 6-дзённы навучальны тыдзень.

Андрэй, Пінск: “Вось нарэшце Лукашэнка падпісаў указ, у якім зацьвердзіў канчатковы 11-гадовы тэрмін навучаньня ў школе. Будзем спадзявацца, на гэтым скончацца экспэрымэнты над нашымі дзецьмі. Ён таксама сказаў, што гэта дазволіць зэканоміць прыкладна 150 млрд. рублёў у год. Але ж экспэрымэнты над нашымі дзецьмі вымяраюцца ня толькі грашыма, але і шмат чым іншым, напрыклад, дзеці перагружаны школьнай праграмай, зьяўляецца стомленасьць, захворваньні, улічваючы, што ўжо больш за 20 гадоў Беларусь пакрыта чарнобыльскім попелам. Так што будзем спадзявацца, што нашы дзеці будуць крыху здаравейшыя і мацнейшыя. 11-гадовы тэрмін навучаньня не пашкодзіць іх ведам”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў — 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG