Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Караджыча: Дабро перамагае зло, калі ў дабра зьяўляюцца кулакі


Якое значэньне мае арышт Караджыча для Сэрбіі і эўрапейскіх пэрспэктываў гэтай краіны? Ці заўсёды ў міжнароднай палітыцы маральныя прынцыпы пераважаюць над геапалітычнымі? Ці могуць балканскія падзеі стаць нейкім урокам для беларускіх палітыкаў? На гэтыя ды іншыя тэмы у перадачы “Экспэртыза Свабоды” разважаюць палітолягі Віталь Сіліцкі і Алесь Лагвінец.

Арышт Караджыча – вынік перамогі праэўрапейскіх сілаў на выбарах

Цыганкоў: “Якое значэньне мае арышт Караджыча для Сэрбіі дый усёй Эўропы? Ці набліжае гэта Сэрбію бліжэй да Эўразьвязу і магчыма, далей ад Расеі?”

Лагвінец: “Сэрбскі ўрад выконвае свае абавязаньні і рухаецца далей у адносінах з Эўразьвязам. Вядома, што ў красавіку была падпісаная дамова паміж Сэрбіяй і Эўразьвязам, але яна была заблякаваная да прасоўваньня ў справе пошуку ваенных злачынцаў. Арышт Караджыча дасьць далейшы штуршок да разьвіцьця стасункаў паміж Сэрбіяй і Эўразьвязам, і гэта можа адбіцца на пэрспэктывах усіх заходніх Балкан ад больш хуткай інтэграцыі ў Эўразьвяз.

Тут можна заўважыць, што існуе пэўная канкурэнцыя паміж краінамі рэгіёну – хто хутчэй ускочыць у эўрапейскі вагон. Таму для сэрбаў вельмі важна зараз наладзіць супрацоўніцтва з Эўропай, каб апярэдзіць, напрыклад, альбанцаў і даказаць, што Сэрбія больш падрыхтаваная да інтэграцыі ў Эўразьвяз, чым самаабвешчаная і прызнаная многія краінамі Косава”.

Сіліцкі: “Сапраўднай падзеяй былі апошнія парлямэнцкія выбары ў Сэрбіі, дзе перамаглі праэўрапейскія сілы. Тое, што адбылося з Караджычам – гэта толькі наступствы. Пытаньне пошуку Караджыча – гэта было пытаньне зьмены ўлады ў Бялградзе, адхіленьне ад яе Каштуніцы і Сэрбскай Радыкальнай партыі. Як толькі прыйшлі да ўлады праэўрапейскія сілы, Караджыча адразу “знайшлі”.

Акрамя таго, гэта сьведчыць, што фактычна сэрбская эліта зьмірылася з стратай Косава і ўзяла выразны курс на інтэграцыю ў Эўразьвяз і спыненьні тых адмысловых адносінаў з Расеяй, якія будаваліся яшчэ за Мілошавічам і пасьля за Каштуніцам”.

Цыганкоў: “Пасьля арышту Караджыча – на колькі гадоў Сэрбія наблізілася да ўступленьня ў Эўразьвяз?”

Сіліцкі: “Пытаньне пра ўступленьне Сэрбіі да Эўразьвязу нашмат болей будзе залежыць ад таго, калі будзе ратыфікаваная лісабонская дамова, чым ад саміх сэрбаў”.

Лагвінец: “Я не пагадзіўся б, што толькі ад гэтага ўсё залежыць. Пэўны крызыс, які сёньня існуе ў сувязі з нератыфікацыяй лісабонскай дамовы, праз пэўны час будзе вырашаны. Але я згодны з тым, што Сэрбіі давядзецца прыкладаць шмат намаганьняў, каб далучыцца да Эўразьвязу. Сытуацыя з Румыніяй і Баўгарыяй паказвае, што многія “старыя” краіны Эўропы шкадуюць, што новыя сябры Зьвязу былі прынятыя занадта хутка. Арышт Караджыча – гэта толькі адзін з аспэктаў, яшчэ вельмі шмат структурных зьменаў Сэрбія мусіць зрабіць. Так што калі прагназаваць – то яе ўступленьне ў Эўразьвяз адбудзецца, хутчэй за ўсё, не раней за бліжэйшыя 10 гадоў”.

Арышт Караджыча – гэта прыклад пасьлядоўнасьці Эўразьвязу

Цыганкоў: “Як можна ацаніць арышт Радавана Караджыча ня толькі з прававога, але і з маральна-палітычнага пункта гледжаньня? І ці могуць балканскія падзеі мець нейкія маральныя ўрокі для Беларусі, беларускіх палітыкаў?”

Лагвінец: “Арышт Караджыча – гэта прыклад пасьлядоўнасьці Эўразьвязу. Вядома, што пэўныя эўрапейскія краіны актыўна дамагаліся гэтага ад Бялграду. Гэта паказвае, што нават калі могуць быць геапалітычныя меркаваньні, маральныя прынцыпы таксама ўплываюць на фармаваньне зьнешняй палітыкі.

Што да Беларусі, то спадзяюся, настане такая сытуацыя, калі паўстане пытаньне пра адказнасьць людзей, якія былі вінаватыя ў правядзеньні палітычных рэпрэсіяў у нашай краіне. І тое, наколькі беларуская грамадзтва, будучыя беларускія лідэры будуць гатовыя зрабіць гэты акт ачышчэньня і прызнаньня ўсяго, што было раней – будзе мернікам нашага хутчэйшага шляху ў Эўразьвяз”

Цыганкоў: “Але ці можна чакаць, што Эўрапейкі Зьвяз будзе і ў беларускім пытаньні настолькі ж прынцыповым?”

Лагвінец: “Пэўныя рэчы застаюцца фундамэнтальнымі. Гэта будзе залежаць ад стану грамадзянскай сьвядомасьці ў Беларусі на той час, і ад таго, наколькі важным будзе беларускае пытаньне ў эўрапейскім парадку дня. У свой час, хаця ўсё было вядома пра Мілошавіча, нішто не перашкодзіла эўрапейцам дамаўляцца зь Мілошавічам. Але ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве Мілошавіч згубіў уладу і быў перададзены суду ў Гаазе”.

Цыганкоў: “Віталь, на вашу думку, лёс Караджыча можа быць нейкім прыкладам “непазьбежнасьці пакараньня”?

Сіліцкі: “Не, бо я магу вам назваць зараз два дзясяткі прозьвішчаў “мясьнікоў”, якія мірна памерлі ў сваім ложку. Але – калі ты “мясьнік” і калі ты прайграеш, то пакараньне сапраўды непазьбежнае.

Гэта старая тэма – пра тое, што дабро мусіць перамагаць зло. Але дабро перамагае, калі ў яго зьяўляюцца кулакі. Бо сэрбскай агрэсіі ў свой час быў дадзены вельмі моцны адпор, і ўсё адбылося як адбылося. Мілошавіч памёр, Караджыч у Гаазе, а Хусэйн на шыбеніцы.

Калі з такімі людзьмі цацкаюцца, вядуць зь імі дыялёг і перамовы, яны працягваюць свае дзеяньні і паміраюць ва ўласным ложку. Вось і ўвесь маральны аспэкт”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG