Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс сустракаецца са сваім эўрапейскім калегам Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта ўжо чацьвертая іхная сустрэча на працягу апошніх двух гадоў. Што і казаць, адносіны паміж Беларусьсю і Баліварыянскай рэспублікай разьвіваюцца надзвычый дынамічна.

Згадаем яшчэ візыт былога сакратара Рады бясьпекі Беларусі Віктара Шэймана ў Каракасе сёлета ў лютым, пасьля якога ў кампутары ў разьбітай калюмбійскімі антытэрарыстамі базе гэтак званых Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калюмбіі (FARC) знайшлі ліст, зь якога вынікае, што Шэйман мог быць пасярэднікам у продажы ракет „Зямля-Паветра” баевікам FARC.

Партызанская вайна — гэта гісторыя”, — гэтыя словы Чавэса, выказаныя ім сёлета 10 чэрвеня, працытавала ўся сусьветная прэса
Найцікавейшае ва ўсім гэтым, аднак, што сам Уга Чавэс, які яшчэ ў пачатку году заклікаў прызнаць марксіскіх баевікоў з FARC як „законную паўстанцкую сілу”, у чэрвені раптам зьмяніў думку і зьвярнуўся да гэтай групоўкі — якую шмат лічыць звычайнымі тэрарыстамі і дылерамі наркотыкаў — з заклікам спыніць змаганьне з калюмбійскім урадам ды вызваліць усіх заложнікаў, што знаходзяцца ў яе палоне, без аніякіх умоваў і выкупаў.

„Партызанская вайна — гэта гісторыя”, — гэтыя словы Чавэса, выказаныя ім сёлета 10 чэрвеня, працытавала ўся сусьветная прэса. Адчуваю, аднак, што „Беларусь сегодня” магла іх прапусьціць. Калі хто знойдзе такое паведамленьне ў „СБ”, я абяцаю публічна выбачыцца перад газэтай у наступным блогу.

Далей — яшчэ цікавей. У гэтым месяцы Чавэс спаткаўся з калюмбійскім прэзыдэнтам Альвара Урыбэ, якога калісьці абазваў „мафіёзам”, злачынцам ды лгуном і публічна прысягнуўся, што зь ім ня толькі што не сустрэнецца, але і не паглядзіць у ягоны бок. Яшчэ ў сакавіку абедзьве краіны, Калюмбія і Вэнэсуэла, былі ў стане неаб’яўленай вайны, калі Чавэс выслаў сваё войска на калюмбійскую мяжу, у адказ на рэйд калюмбійскіх антытэрарыстаў на ўжо згаданую базу FARC у Эквадоры.

Потым было яшчэ больш дзівосаў. Чавэс прыпыніў свой дэкрэт, які наказваў вэнэсуэльцам супрацоўнічаць зь дзяржаўнай выведкай пад пагрозай зьняволеньня. Ён таксама загадаў зьняць са школьных праграмаў падручнікі, якія ганьбавалі капіталізм як сілу, што служыць адно паняволеньню людзей. І гэта зрабіў чалавек, які калісьці сказаў, што „дарога да новага, лепшага і магчымага сьвету вядзе не праз капіталізм, а праз сацыялізм”.

У Чавэса і Лукашэнкі шмат агульнага, ня толькі ў палітычнай ўхватцы кіраваць краінай пры дапамозе дэкрэтаў і ўказаў, але і ў паводзінах ды мове
А ў сьнежні мінулага году — рэч абсалютна нечуваная для прэзыдэнта, які знаходзіцца пры уладзе з 1999 году і выйграў шэсьць выбарчых кампаній, прытым не папраўляючы вынікаў на карысьць апазыцыі — Чавэс нават дазволіў сабе нязначнай колькасьцю галасоў прайграць рэфэрэндум, што меўся яму даць яшчэ больш паўнамоцтваў.

У Чавэса і Лукашэнкі шмат агульнага, ня толькі ў палітычнай ўхватцы кіраваць краінай пры дапамозе дэкрэтаў і ўказаў, але і ў паводзінах ды мове. Абодва за народным словам у кішэню ня лазяць. І абодва атрымалі ліпкія мянушкі ад Дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс, якая Лукашэнку назвала „апошнім дыктатарам у Эўропе”, а Чавэса „тыранам, які сапраўды нішчыць свой край”. Чавэс публічна агрызнуўся, называючы Райс непісьменнай кабетай, якая ня можа знайсьці сабе мужа. Не прыгадваецца, як Лукашэнка аддзячыў Райс за „дыктатара”, але можна сабе ўявіць, што ня менш адэкватна, хоць, пэўна, пры менш публічнай нагодзе.

Я ўсё гэта да чаго? А да таго, што калі нехта і зможа пераканаць першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, што можна і трэба весьці сваю краіну за цывілізаваным сьветам, дык хутчэй за ўсё толькі такі чалавек, як Уга Чавэс. І ня толькі таму, што Вэнэсуэла мае нафту, і Чавэс даў Беларусі нейкае радовішча. Таксама таму, што Чавэс на асабістым прыкладзе даказвае, што ізгой у міжнароднай палітыцы — гэта не наканаваньне, а ўсвоеная прывычка. А прывычкі ж ня толькі можна набываць, але і пакідаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG