Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Шары: Працэс Караджыча можа быць даволі хуткім


Арышт былога лідэра басьнійскіх сэрбаў Радавана Караджыча мы папрасілі пракамэнтаваць журналіста расейскай службы Радыё Свабода Андрэя Шарага. Наш суразмоўца зьяўляецца спэцыялістам па балканскіх праблемах і аўтарам кніжкі пра Міжнародны трубунал у Гаазе, у якой адзін з разьдзелаў прысьвечаны Радавану Караджычу і ягонаму генэралу Ратку Младзічу.

Ян Максімюк: „Андрэй, скажыце калі ласка, чаму арышт Караджыча адбыўся толькі цяпер, праз 13 гадоў пасьля таго, як Міжнародны трыбунал у Гаазе выставіў яму абвінавачаньні ў генацыдзе?”

Ключавое пытаньне — гэта прыняцьце палітычнага рашэньня, наяўнасьць палітычнай волі ў сэрбскага кіраўніцтва, якое відавочна адчула сябе менавіта ў гэты момант дастаткова моцным, каб дазволіць сабе такі раней рызыкоўны крок
Андрэй Шары:
„Я думаю, што тут супала некалькі акалічнасьцяў. З аднаго боку, відавочна, што прафэсійна спрацавалі службы бясьпекі Сэрбіі, а дакладней, спэцыяльнае падразьдзяленьне, якое было створанае адмыслова дзеля таго, каб схапіць Радавана Караджыча. Яно дзейнічае пад апекай спэцыяльнага акруговага суду дзеля расьследаваньня ваенных злачынстваў і падпарадкоўваецца пракурору гэтага суду. Зразумела, што яны ўжо даволі доўга ведалі, дзе Караджыч знаходзіцца. Ключавое пытаньне — гэта прыняцьце палітычнага рашэньня, наяўнасьць палітычнай волі ў сэрбскага кіраўніцтва, якое відавочна адчула сябе менавіта ў гэты момант дастаткова моцным, каб дазволіць сабе такі раней рызыкоўны крок. Інакш кажучы, калі згадаць сутуацыю 12-13-гадовай даўніны, тады ў Сэрбіі Слабадана Мілошавіча не было ні палітычнага жаданьня, ні палітычнай магчымасьці арыштаваць Караджыча. Цяпер, калі пры ўладзе больш-менш дэмакратычны ўрад, дэмакратычны прэзыдэнт, у Сэрбіі ёсьць гарантыя супрацоўніцтва з Эўрапейскім Зьвязам і ёсьць разуменьне таго, што ўлада будзе кантраляваць сытуацыю нават пасьля арышту Караджыча”.

Ян Максімюк
: „Што, па-вашаму, станецца з Караджычам цяпер? Яго забяруць у Гаагу і будуць судзіць?”

Андрэй Шары: „Фармальна існуе дзьве магчымасьці, таму што ёсьць пагадненьне паміж Сэрбіяй і Гааскім трыбуналам аб тым, што яны супольна вырашаюць, хто будзе весьці гэты судовы працэс. Аднак верагодней за ўсё Караджыч у бліжэйшы час будзе перададзены ў Гаагу на падставе выдадзенага ў 2000 годзе абвінавачаньня ў ягоны адрас і на падставе спэцыяльнага ордэру Гааскага трыбуналу.
Рэч у тым, што мяркуючы па ўсім, судзіць Караджыча на тэрыторыі Сэрбіі — справа даволі небясьпечная з гледзішча палітычнай сытуацыі. Акрамя таго, Гааскі трубунал правёў ужо шмат працэсаў, якія закраналі пытаньні сэрбскіх злачынстваў у Срэбрэніцы і Сараеве — а менавіта гэтыя пытаньні складаюць галоўны корпус абвінавачаньня Караджыча, і там сабраная вельмі вялікая доказная база. Я не сумняюся, што калі працэс адбудзецца ў Гаазе, ён будзе даволі хуткім, калі сам Караджыч яго не зацягне”.

Ян Максімюк: „Ці трэба чакаць нейкіх пратэстаў або забурэньняў у Сэрбіі ў сувязі з арыштам Караджыча?”

Караджыч — грамадзянін Босніі, а ня Сэрбіі. Таму, фармальна справа датычыць грамадзяніна чужой дзяржавы. Гэта яшчэ адна з прычын, чаму яго ня будуць судзіць у Сэрбіі”.
Андрэй Шары
: „Я толькі што размаўляў з даволі добра інфармаванымі журналістамі ў Бялградзе, і ні адзін зь іх не чакае, што могуць быць нейкія сур’ёзныя беспарадкі. Мінулай ноччу сабралося каля ста чалавек — гэта прыхільнікі маладзевых, такіх клера-фашысцкіх арганізацый, аднак бялградзкая паліцыя была да гэтага падрыхтаваная, і іх расьцярушылі нават без ужываньня сілы. Дэманстрацыя была несанкцыянаваная. Я думаю, што будуць даволі бурныя дэбаты ў парлямэнце і, магчыма, радыкальная партыя або прыхільнікі крайне нацыяналістычных партый аб’яўляць нейкую кампанію народнага непадпарадкаваньня. Аднак я ня думаю, што цяпер у сэрбскіх нацыяналістаў ёсьць патэнцыял, каб арганізаваць хоць якую сур’ёзную кампанію. Акрамя таго, нельга забываць яшчэ вось што: Караджыч — грамадзянін Босніі, а ня Сэрбіі. Таму, фармальна справа датычыць грамадзяніна чужой дзяржавы. Гэта яшчэ адна з прычын, чаму яго ня будуць судзіць у Сэрбіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG