Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адрозьненьне ад мінулых парлямэнцкіх выбараў, калі бальшыня апазыцыйных кандыдатаў вылучалася толькі праз партыйныя зьезды, сёлета прэтэндэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў абавязаліся зьбіраць яшчэ і подпісы выбарнікаў

Кожнаму патэнцыйнаму кандыдату ў дэпутаты неабходна сабраць на тэрыторыі сваёй выбарчай акругі ня менш за тысячу подпісаў выбарнікаў. Зьбіраць іх дазваляецца толькі асобам, якія ўваходзяць у ініцыятыўную групу прэтэндэнта.

Цікаўлюся ў некаторых кандыдатаў з адзінага сьпісу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, якія зьбіраюцца балятавацца ў Менску, ці стварылі яны ўжо свае ініцыятыўныя групы.

Валянціна Сьвяцкая (Партыя БНФ): “Так, сёньня нясу на рэгістрацыю. У маёй групе больш за 20 чалавек”.

У групе Аляксандра Дабравольскага з АГП — 54 асобы.

Дабравольскі: “Ёсьць людзі, якія гатовыя працаваць”.

Карэспандэнт: “А вы ўжо зарэгістравалі ініцыятыўную групу?”

Дабравольскі: “Не, мы сёньня толькі падаем дакумэнты”.

Ігар Рынкевіч зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) вылучаецца толькі праз збор подпісаў:

Рынкевіч: “Таму што ў нас няма ў маёй акрузе афіцыйна зарэгістраванай партыйнай суполкі”.

Карэспандэнт: “А ініцыятыўную групу вы ўжо стварылі і падалі на рэгістрацыю?”

Рынкевіч: “Так, у нас 23 чалавекі. Сёньня павінен быць вядомы вынік разгляду нашых дакумэнтаў”.

Усе названыя патэнцыйныя кандыдаты перакананыя — сабраць неабходную колькасьць подпісаў яны пасьпеюць, Хаця згадваюць і пра перашкоды. Прыкладам, Валянціну Сьвяцкую турбуе, што збор подпісаў прыпадае на той час, калі ў Пэкіне будуць праходзіць Алімпійскія гульні:

Гэта ня вельмі добра ўплывае на нашых выбарнікаў, таму што ўсе сядзяць каля тэлевізараў. Адсочваюць гэтыя спаборніцтвы, асабліва мужчыны
“Гэта ня вельмі добра ўплывае на нашых выбарнікаў, таму што ўсе сядзяць каля тэлевізараў. Адсочваюць гэтыя спаборніцтвы, асабліва мужчыны. Яны нэрвуюцца, што нехта прыйшоў са зборам подпісаў, адарваў іх. А тут якраз самае цікавае — паўфіналы, фіналы. Гэта такое бытавое пытаньне. Але разам з тым гэта ня ёсьць добра”.

Ігар Рынкевіч хвалюецца, што на збор подпісаў можа паўплываць і сытуацыя вакол выбуху ў Менску:

“Ідзе такі псыхоз супрацьапазыцыйны: калі пабачыце нейкія клункі ў транспарце, адразу ж паведамляйце кіроўцу і да т.п. І гэтыя затрыманьні сярод апазыцыі. Усё гэта б’е па дэмакратычных сілах”.

Аляксандар Дабравольскі ўпэўнены: неабходную тысячу подпісаў выбарнікаў сабраць можна:

Наша асноўная праца — гэта праца з выбарнікамі. А яна не патрабуе рэгістрацыі ўсіх, хто будзе ўдзельнічаць у кампаніі
“Хопіць часу. Калі б гэта была звычайная выбарчая кампанія, дык усё рабілася б трошкі інакш. У маёй групе было б больш за 100 чалавек. І нам патрэбна было б сабраць вельмі шмат подпісаў. Зараз, на жаль, вырашаецца ня тым, як ты працуеш, а вырашае ўлада. І таму наша асноўная праца — гэта праца з выбарнікамі. А яна не патрабуе рэгістрацыі ўсіх, хто будзе ўдзельнічаць у кампаніі”.

З 15 афіцыйна зарэгістраваных у Беларусі палітычных партыяў у выбарах удзельнічаюць толькі 8. Акрамя апазыцыйных, гэта — Аграрная партыя, Камуністычная партыя Беларусі і Лібэральна-дэмакратычная. На пытаньне нашага радыё, ці пачалі ўжо зьбіраць подпісы прадстаўнікі ЛДП, лідэр партыі Сяргей Гайдукевіч адказвае:

“У нас рашэньне будзе 25-га. Мы праводзім паседжаньне Вышэйшай рады, пашыранага ЦК. Тады і абазначым усе задачы”.



Ці будзе выбар на выбарах?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG