Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сёньняшні дзень у эўрапейскім сьпісе 71 прэтэндэнт на кандыдата ў дэпутаты. Пра гэта паведаміў лідэр Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч.


“Ня ўсе хочуць агучваць свае намеры, бо баяцца ціску з боку ўладаў. Таксама ў сьпісе ёсьць сябры партыяў, якія выступілі заснавальнікамі “адзінага сьпісу” АДС. Каля сямі асобаў уваходзяць як у эўрапейскі, так і ў адзіны сьпіс. І ім пагражаюць выключэньнем з адзінага сьпісу”, — патлумачыў М.Статкевіч.

Прадстаўнікі эўрапейскага сьпісу, а сярод іх сябры Народнай грамады, актывісты прадпрымальніцкага руху, незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу, а таксама іншых структураў, зьбіраюцца балятавацца ў дзьвюх трацінах акругаў.

“Я буду балятавацца па Коласаўскай акрузе ў Менску, бо там ідзе спадар Сяргей Калякін, які ня будзе прапагандаваць лёзунг эўрапейскай інтэграцыі Беларусі. І таму я зьбіраюся прыкрыць гэты прарыў па Менску сабой”, — заявіў М.Статкевіч.

М.Статкевіч нагадаў умовы, пры якіх кандыдаты з эўрапейскага сьпісу могуць разглядаць магчымасьць зьняцьця сваіх кандыдатур.

Я буду балятавацца па Коласаўскай акрузе ў Менску, бо там ідзе спадар Сяргей Калякін, які ня будзе прапагандаваць лёзунг эўрапейскай інтэграцыі Беларусі. І таму я зьбіраюся прыкрыць гэты прарыў па Менску сабой
“Мы агучылі свае патрабаваньні яшчэ год таму. Гэта вызваленьне палітвязьняў, скасаваньне альбо жорсткая рэглямэнтацыя папярэдняга галасаваньня і допуск назіральнікаў да падліку галасоў. Калі гэтыя ўмовы ня будуць выкананыя, мы лічым магчымай адмову нашых кандыдатаў ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Магчыма, гэта адбудзецца за некалькі дзён да асноўнага галасаваньня”, — заявіў М.Статкевіч.

Даючы ацэнку цяперашняму ходу выбарчай кампаніі, Мікола Статкевіч адзначыў, што “ідуць нейкія нясьмелыя сыгналы зьверху, калі рэгіструюць ініцыятыўныя групы кандыдатаў, апазыцыянэраў па адным уключаюць у выбаркамы”. Да прыкладу, зарэгістравана ініцыятыўная група Ільлі Дабрадзела з Калодзішчаў, хоць перад гэтым яму спалілі машыну.

“Але на месцах створаная машына фальшаваньняў, якая ходу назад ня ведае. І яны па інэрцыі робяць тое, што й рабілі”. — заявіў М.Статкевіч.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG