Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дадуць плён лякальныя пратэсты?


Якое месца займаюць экалягічныя пытаньні, праблемы навакольнага асяродзьдзя ў каштоўнасьцях беларусаў? Як мясцовыя ўлады рэагуюць на стыхійныя альбо арганізаваныя пратэсты, ці ёсьць тут патэнцыял для фармаваньня ў людзей грамадзянскай пазыцыі? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” абмяркоўваюць старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч і сацыёляг Аляксандар Сасноў.

Мясцовая ўлада прызначаная, таму яна не абараняе інтарэсы людзей

Цыганкоў: “Апошнія месяцы мы назіралі некалькі канфліктных сытуацыяў, зьвязаных зь мясцовымі экалягічнымі альбо адміністрацыйнымі праблемамі, калі мясцовыя жыхары выходзілі на пратэст супраць дзеяньняў уладаў. Гэта і хімзавод каля пасёлку Дружны ў Пухавіцкім раёне, і Севастопальскі парк, вуліца Гамарніка — у Менску. Цяпер грамадзкасьць пачынае абарону менскага Лошыцкага парку. Чым можна патлумачыць зьяўленьне ўсё новых такіх канфліктных сытуацыяў? Пра што гэта сьведчыць?”

Астаповіч: “Гэтыя канфліктныя сытуацыі вынікаюць з таго, што нашыя чыноўнікі вельмі важныя пытаньні, якія тычацца жыхароў пэўных мясцовасьцяў, вырашаюць кулюарна, без удзелу саміх жыхароў. А дарэчы, закон аб мясцовым самакіраваньні прадугледжвае грамадзкія абмеркаваньні і ўдзел грамадзкасьці ў вырашэньні праблемаў, якія тычацца стану і якасьці жыцьця людзей у гэтым рэгіёне. Гэта і выклікае незадавальненьне людзей і правакуе такія стыхійныя акцыі”.

Цыганкоў: “Чаму мясцовая ўлада нічога тут ня робіць? Проста з-за таго, што прызвычаілася сядзець моўчкі? Ці ў іх няма паўнамоцтваў?”

Астаповіч: “Па-першае, рэгіянальная ўлада ня будзе абараняць інтарэсы людзей. Бо яна ня выбарная, яны прызначаная. І адпаведна, для яе даражэйшы свой дабрабыт, свой сацыяльны і службовы статус, які залежыць не ад выбарцаў, а ад вышэйшых структураў. Пабудаваная такая сыстэма ўлады, што рэгіянальная ўлада непадсправаздачная жыхарам. Справаздачнасьць назіраецца толькі на ўзроўні сельсаветаў”.

Ці зойме экалёгія істотнае месца ў каштоўнасьцях беларусаў?

Цыганкоў: “Якое месца займаюць экалягічныя пытаньні, праблемы асяродзьдзя ў каштоўнасьцях беларусаў? Мы прызвычаіліся, што ад 90-х гадоў галоўнымі былі эканамічныя пытаньні. Ці можна сказаць, што цяпер гэта мяняецца і людзям ужо важна, у якім асяродзьдзі жыць, ці будзе побач зь іхнім домам нармальны двор, ці не?”

Сасноў: “Да трох чвэрцяў людзей, паводле сацыялягічных апытаньняў у розныя гады, перавагу аддаюць эканамічным пытаньням, матэрыяльнаму. Экалягічныя пытаньні дасягаюць максымум 15—20 працэнтаў. Аднак можна пагадзіцца, што цяпер, з ростам дабрабыту, экалягічныя пытаньні пачынаюць людзьмі ўспрымацца як важкія. Але гэта толькі пачатак працэсу зьмены сьветапогляду, і відавочна, што такія пытаньні зь цягам часу ўсё больш будуць узьнікаць.

Мой суразмоўца выказаў вельмі слушную думку, што ўлада пабудавана такім чынам, што яна не адказвае перад насельніцтвам, якому яна павінна служыць. Але яна не адказвае на іхнія запытаньні, не шукае, што зрабіць, каб людзям было лепей — яна толькі выконвае загады зьверху”.

"Часам мэтадычная бюракратычная праца эфэктыўнейшая за акцыі пратэсту"

Цыганкоў: “Ці выклікаюць нейкі рэзананс тыя акцыі, пра якія мы казалі на пачатку праграмы? Бо часам яны былі стыхійныя, а часам падтрымліваліся апазыцыйнымі палітычнымі лідэрамі. Ці баяцца ўлады такой актыўнасьці, ці робяць што-небудзь, каб яе прадухіліць?”

Астаповіч: “Відавочна, што для ўлады любыя стыхійныя праявы такой актыўнасьці — яны і непрыемныя, і нязручныя. Тое, што настаўнікаў, якія бралі ўдзел у пратэстах у пасёлку Дружны, пачалі звальняць з працы -- гэта адпаведны паказьнік.

Але ж кожная такая масавая акцыя павінна мець нейкае лягічнае завяршэньне. Добра, калі гэта праблема экалягічная ці тычыцца жыльлёвага фонду, — тут актыўныя нават самыя простыя людзі. Але калі я займаюся праблемамі аховы гісторыка-культурнай спадчыны — то гэта зусім іншая плашчыня. Тут масавыя акцыі праблемаў ня вырашаць. Тут дае плён мэтадычная бюракратычная праца грамадзкіх актывістаў з органамі ўлады. Гэта дае значна большы плён, чым гэтыя стыхійныя масавыя акцыі. Бо звычайна масавыя акцыі па гісторыка-культурных каштоўнасьцях даюць толькі піяр у СМІ. А такую праблему можна вырашаць толькі зь юрыдычнага пункту гледжаньня — а гэта перапіска, хадайніцтвы, вялікая бюракратычная праца, якую, на жаль, цяпер робіць толькі таварыства аховы помнікаў.

Цыганкоў: “Ну вось, адзін з прыкладаў такой працы — вядомы выпадак са зьнесеным будынкам па вуліцы Рэвалюцыйнай. Высьветлілася, што папера прайшла ўсе інстанцыі і вярнулася да ўчастковага міліцыянта, які сказаў, што няма ніякіх падставаў для завядзеньня крымінальнай справы”.

Астаповіч: “Але гэтая справа мае свой працяг. Бо Таварыства агучыла гэты выпадак, напісала адпаведныя лісты, і ўжо ў пятніцу стала вядома, што Генэральная пракуратура падрыхтавала пратэст на гэтае рашэньне, і зараз пачынаецца новая праверка. Ніводная грамадзкая акцыя, як мне здаецца, так бы не спрацавала”.

Цыганкоў: “Ці ёсьць у стыхійных акцыях патэнцыял для фармаваньня ў людзей грамадзянскай адказнасьці, сьвядомасьці? Магчыма, палітычная пазыцыя можа пачынацца са свайго двара і потым вырастаць да чагосьці большага?”

Сасноў: “Неяк вы занадта далёка сягаеце. Наўрад ці гэтыя маленькія канфлікты могуць перарасьці ў нейкі арганізаваны рух. Улада ня любіць такую актыўнасьць людзей, яна наагул ня любіць, калі людзі самастойна, без дазволу, нешта робяць. Таму яна будзе рабіць любыя захады, каб пад корань спыніць такую актыўнасьць грамадзянаў. Я ня думаю, што ўлада дазволіць, каб такія маленькія канфлікты перарасьлі ў нешта большае.”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG