Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Басовішчы” перамаглі гарадзенскія музыкі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Ляўрэатам 19 га фэстывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча 2008” стаў гарадзенскі гурт TLUSTA LUSTA.


Другі дзень фэстывалю пачаўся з выступу магілёўскага гурту “Заточка”. Магілёўцы выступалі ў пляжных строях, чаго дагэтуль не рабіў ніводзін гурт. Затым былі польскі “Gate”, менскі “Rahis”, “Schody” зь Міхалова, менскі “Sок” ды “Rima” з Гарадка. Дарэчы, пасьля выступу менскага гурту шмат хто з гледачоў цікавіўся, дзе набыць іх кампакт-дыскі.

Пасьля 21 гадзіны журы фэстывалю абвясьціла ляўрэатаў конкурсу. Першым быў прызнаны гарадзенскі гурт TLUSTA LUSTA, які атрымаў асноўны прыз — бясплатны запіс альбому на Беластоцкім радыё. SPITAL/ F зь Менску заняў другое месца, а трэцім стаў гурт ГЛЮКІ з Магілёва.

Нагадаю, што ўсяго ў конкурсе бралі ўдзел 6 гуртоў. Яшчэ тры ўдзельнікі, згодна з інфармацыяй арганізатараў фэсту, так і не дабраліся да Гарадка з-за праблемаў зь візамі.

Але найбольш яркім і запамінальным выступам у гэты дзень стаў выхад надзвычай папулярнага тут гурту “Neuro Dubel”. Сабралася некалькі тысяч гледачоў, і ўсе пусьціліся ў скокі.

Наагул, атмасфэра ва ўрочышчы Борак, што побач з Гарадком на Беласточчыне, у гэтыя два дні панавала цудоўная: паўсюль гучала беларуская мова, моладзь танчыла зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, нават польскія гурты гукалі са сцэны “Жыве Беларусь!”

Нагадаю, што праграма фэстывалю цалкам трансьлявалася ў жывым эфіры тэлебачаньня БелСАТ і Радыё Рацыя.

Фотарэпартаж: удзельнікі “Басовішча” і іх фанаты


XS
SM
MD
LG