Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвечка памяці ахвяраў галадамору ў Менску


У амбасадзе Ўкраіны адбылася перадача сьвечкі памяці ахвярам галадамору ва Ўкраіне. Яе прывезьлі з суседняй Літвы. Сьвечку перадавалі з краіны ў краіну з Аўстраліі. З Беларусі сьвечку памяці павязуць у Польшчу.


Прадстаўнікі амбасадаў, грамадзкія дзеячы і сябры беларускага згуртаваньня ўкраінцаў наведалі выставу, прысьвечаную падзеям 1932-33 гг. ва Ўкраіне.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы адзначыў на цырымоніі перадачы сьвечкі памяці той факт, што галадамор ва Ўкраіне 17 краінаў сьвету прызналі як трагедыю генацыду ўкраінскага народа.

Сьвечка памяці па тры дні была ў Эстоніі, Латвіі і Літве. Украінцы, якія жывуць у гэтых краінах зьбіраліся вакол яе і дзяліліся ўспамінамі пра падзеі 1932-33 гг., калі ва Ўкраіне загінула некалькі мільёнаў чалавек.
























Так адбылося і сёньня ў амбасадзе Ўкраіны.

“Украінская грамадзкасьць аб’ядноўваецца ў сваіх расповедах пра тую страшную старонку гісторыі ХХ стагодзьдзя. Гэта вельмі трагічна для ўкраінцаў. У малітве і памінальнай трызьне згадваюць мільёны загубленых і ня ў чым невінаватых людзей, якіх зьнішчыў у 1932-33 гадах злачынны бальшавіцка-камуністычны рэжым”, - гаворыць амбасадар Ігар Ліхавы.

Ва Ўкраіне будуць служыць імшу на могілках, дзе хавалі людзей нават без труны. На месцах масавых пахаваньняў будуць усталяваныя памятныя знакі ахвярам сталінізму.

Толькі з адной са справаздачаў ОГПУ ў Маскву даводзіцца лічба два з паловай мільёны нябожчыкаў ва Ўкраіне за чатыры месяцы 1932 году. Тагачасны чыноўнік ад уладаў Постышаў назваў 1933 год годам паразы нацыяналістычных элемэнтаў ва Ўкраіне.






“Тады ў Савецкім Саюзе будавалі сьветлую будучыню на магілах украінскіх сялян, якія нічога акрамя таго, каб працаваць на зямлі, вырошчваць хлеб і забясьпечваць ня толькі свой народ, ня толькі дармаедаў-чыноўнікаў і паліцэйскі апарат, але й забясьпечываць усю Эўропу, як гэта магло быць на нашым чарназем’і”, - працягвае амбасадар Украіны Ігар Ліхавы:

Савецкая гістарыяграфія замоўчвала тэму галадамору. Пра жудасны голад, які прыводзіў да канібалізму, людзі распавядалі сваім дзецям. Захаваліся дзёньнікі і надрукаваныя ўспаміны людзей, якія вытрымалі ў тых умовах.

Сьведкі тых падзей пакінулі заявы аб тым, што людзей трымалі ў вёсках, не даючы ім магчымасьці зьехаць у іншыя мясьціны, каб уратавацца.

Людзі запалілі сьвечкі, каб ушанаваць памяць ахвяраў тых часоў. Гучалі ўкраінскія песьні і вершы ўкраінскіх паэтаў. Выступоўцы падкрэсьлівалі, што пра галадамор яшчэ не сказана ўся праўда. Пасьля дасьледаваньняў архіўных зьвестак будуць выдавацца навуковыя манаграфіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG