Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс над грамадзянінам ЗША Эмануілам Зэльцэрам пройдзе ў Менскім гарадзкім судзе за зачыненымі дзьвярыма.


“Дакладны дзень працэсу яшчэ невядомы. Магчыма, пра гэта стане вядома на пачатку будучага тыдня. Судзьдзя ўжо прызначаны — Віктар Клімовіч”, — паведаміў Зьміцер Гарачка, які будзе абараняць Э.Зэльцэра ў судзе.

Амэрыканскага адваката Э.Зэльцэра абвінавачваюць у падробцы дакумэнтаў, кантрабандзе псыхатропных рэчываў, незаконным абароце наркотыкаў і камэрцыйным шпіянажы. Максымальнае пакараньне за гэтыя злачынствы — да 7 гадоў зьняволеньня.

Э.Зэльцэр вінаватым сябе не прызнае і кажа, што ягоная справа “цалкам сфальшаваная”. Неўзабаве пасьля арышту справу Э.Зэльцэра прызналі сакрэтнай. Гэтым суд цяпер тлумачыць закрытасьць будучага працэсу.

Эмануіл Зэльцэр неаднаразова скардзіўся на дрэнны стан здароўя і адсутнасьць патрэбнай мэдычнай дапамогі. Агледзеўшы яго, незалежны доктар з ЗША ня выключыў лятальнага зыходу, “калі Э. Зэльцэру ня будуць даваць патрэбныя лекі”.

Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр прыляцеў у Менск нібыта дзеля вырашэньня праблем спадчыны, якая засталася па грузінскім алігарху Бадры Патаркацышвілі. Замежныя і расейскія мэдыі паведамлялі, што да гісторыі з арыштам амэрыканца ў Беларусі можа мець дачыненьне расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі.

Разам з Эмануілам Зэльцэрам будуць судзіць ягоную сакратарку Ўладлену Функ. Жанчыну арыштавалі таксама 12 сакавіка і з таго часу трымаюць у сьледчай турме КДБ — “амэрыканцы”, як і Э. Зэльцэра.

XS
SM
MD
LG